22 мая 2026г. на прыгожым Нёманскім беразе, пад шум лісця і цёплыя промні сонца, гасцінная Мастоўшчына прывітала аматараў слова, творцаў і гасцей, каб разам адкрыць II Фестываль паэзіі “Масты сугучнасці”! Галоўная славутасць Мастоўскай зямлі – падвясны мост, сімвалічна злучыў чытачоў і пісьменнікаў, вершы і прыхільнікаў паэтычнага слова.
Арганізатарамі свята выступілі: Гродзенскае абласное аддзяленне Грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, Мастоўскі раённы выканаўчы камітэт, сектар культуры Мастоўскага райвыканкама, ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”.
Адкрылі фестываль урачыста і цікава: пад гукі чароўнага верша таленавітай зямлячкі Галіны Васілеўскай гледачоў сустрэлі паэты з розных кутоў Беларусі, якія прыйшлі з кнігамі – сімвалам фестывалю, бо менавіта кнігі дапамагаюць будаваць масты паміж культурамі і сэрцамі. Удзельнікі фестывалю пабудавалі сімвалічны кніжны мост паміж пісьменнікамі і чытачамі. У выкананні народнага ансамбля народнай песні “Ярыца” прагучаў гімн фестывалю “Масты сугучнасці”. Намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Давыдзік Марына Осіпаўна сказала ўступнае слова, а шаноўныя госці прынялі ў падарунак цудоўны духмяны каравай. Прадоўжылі адкрыццё прамовай заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, паэт, празаік, перакладчык, крытык, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Міхаіл Паўлавіч Пазднякоў і Кебіч Людміла Антонаўна, паэтэса, празаік, перакладчык, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.












Урачыстае мерапрыемства прадоўжылася на цэнтральнай пляцоўцы гарадскога парка. На музычна-паэтычнай пляцоўке II Фестывалю паэзіі “Масты сугучнасці” гучалі не толькі словы, але і музыка, якая напаўняла іх новым жыццём. Паэты з розных кутоў нашай чароўнай краіны дзяліліся сваімі творамі, напоўненымі шчырымі пачуццямі, разважаннямі пра жыццё, каханне, прыроду і Радзіму. Госці мерапрыемства мелі магчымасць не толькі пачуць вершы, але і пагутарыць з аўтарамі, задаць пытанні і падзяліцца ўражаннямі. Асабістую атмасферу свята сваёй творчасцю стварылі артысты Мастоўскага раённага цэнтра культуры і навучэнцы Мастоўскай дзіцячай школы мастацтваў.






























Падчас фестывалю адбылося ўзнагароджанне пераможцаў раённага конкурсу на лепшы аўтарскі верш “Паэтычны настрой”. Узнагароды пераможцы і прызёры конкурсу атрымалі з рук старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэта, празаіка, перакладчыка Людмілы Кебіч і дырэктара Мастоўскай раённай бібліятэкі Таццяны Стэльмах. У намінацыі “Жаночы сусвет” дыпломам ІІІ-й ступені ўзнагароджана Анастасія Андрэеўна Ігнацьева за верш “Яна…”, дыпломам ІІ-й ступені ўзнагароджана Юлія Мікалаеўна Шалесная за верш “Моя семья-моя крепость”, дыплом І-й ступені атрымала Таццяна Іосіфаўна Абухоўская за верш “Беларуская жанчына”. У намінацыі “Душы і сэрца натхненне” дыпломам ІІІ-й ступені ўзнагароджана Малання Аляксандраўна Гайдаш за верш “З любоўю да Радзімы”. Дыпломам ІІ-й ступені ўзнагароджана Ірына Іванаўна Лагвіненка за верш “Милый глазу уголок”, дыплом І-й ступені атрымала Галіна Іосіфаўна Васілеўская за верш “Звон малінавы”. Віншуем пераможцаў і жадаем ім далейшых творчых поспехаў, натхнення і новых перамог! Няхай кожны верш будзе пачуты, а кожная ідэя ўвасоблена ў жыццё!






На працягу ўсяго фестывалю гасцей чакала цёплая атмасфера, творчыя сустрэчы і шмат сюрпрызаў! Інтэрактыўная прастора “Кніжная галактыка” стала месцам, дзе можна было прыняць удзел у майстар-класах, пагуляць у цікавыя гульні, адкрыць для сябе новыя веды. У аўтограф-зоне госці маглі паразмаўляць з аўтарамі і набыць кнігі з асабістым подпісам. Для маленькіх гасцей былі арганізаваны дзіцячыя пляцоўкі і яркі аквагрым.




















У рамках ІІ Фестывалю паэзіі “Масты сугучнасці” адбылася цёплая і шчырая творчая сустрэча “Калі душа нарадзілася крылатай” з працоўным калектывам Абмежаванага акцыянернага таварыства “Мастоўдрэў”. Паэты пазнаёмілі публіку са сваёй творчасцю, правялі актыўную бяседу, абудзіўшы ў аўдыторыі цікавасць да паэзіі ў цэлым і да беларускай паэзіі ў прыватнасці. Выступілі: Кавальчук Тамара Васільеўна – паэтэса, член СПБ, Барысюк Васіль Пятровіч – паэт, член СПБ і Каламійцава Кацярына Аляксееўна – паэтэса, член СПБ.





Удзельнікі II Фестывалю паэзіі “Масты сугучнасці” наведалі мемарыяльны комплекс “Скорбящая мать” у вёсцы Княжаводцы – месца, якое па сваім трагічным лёсе нагадвае Хатынь. Тут адбылася паэтычная акцыя-рэквіем “Памяць сэрца і слова”. Словы, прамоўленыя падчас мерапрыемства, гучалі як даніна павагі загінулым, як напамін пра тое, што памяць не мае тэрміну даўнасці. Паэзія аб’яднала прысутных у агульным пачуцці смутку, павагі і надзеі на мірную будучыню. Таксама ўдзельнікі наведалі Храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў аг.Дубна.











Завяршыўся ІІ Фестываль Паэзіі “Масты сугучнасці” пасяджэннем круглага стала на тэму “Паэзія на ўce часы: жанчына i лірыка” ў Дзяржаўнай установе культуры “Мастоўская раённая бібліятэка”, які быў прысвечаны Году беларускай жанчыны. Прагучалі цікавыя літаратуразнаўчыя і філалагічна-краязнаўчыя даклады членаў ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і відэадаклад “Молодая нижегородская поэзия. Женский взгляд на мир” – Пічужкінай А.П., супрацоўніка муніцыпальнай бюджэтнай установы культуры “Сямёнаўская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” гарадской акругі Сямёнаўскі Ніжагародскай вобласці. Частка выступоўцаў далучылася анлайн па відэасувязі. Адбылося падвядзенне вынікаў літаратурнага форуму.









Дзякуй усім, хто быў разам з намі! Няхай паэзія заўсёды будзе з вамі, хай натхняе і аб’ядноўвае! Да новых сустрэч!



























25 мая, 2026
Moderator
Опубликовано в рубрике 



























