Урачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод штогадовага абласнога конкурсу імя А.І. Дубко “Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва” за 2024 год адбылася 13 студзеня 2025 г. у Гродзенскім абласным драматычным тэатры. Дырэктар дзяржаўнай установы культуры “Мастоўская раённая бібліятэка” Стэльмах Т.І. – пераможца ў намінацыі “Бібліятэкар года”!
Стэльмах Т.І. з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам брэндавага мерапрыемства – бібліякараван “Книги строят МОСТЫ”, які праводзіцца ў Мастоўскай раённай бібліятэцы і з’яўляецца значнай культурнай падзеяй для ўсяго раёна. На працягу чатырох дзён бібліякараван дае магчымасць прыняць удзел у творчых сустрэчах з вядомымі пісьменнікамі і выдаўцамі, музыкантамі і мастакамі.
Пад кіраўніцтвам Таццяны Стэльмах быў рэалізаваны гуманітарны праект “Русская народная сказка как феномен традиционной культуры” пры падтрымцы фонду “Русский мир”. У рамках праекта было праведзена 22 мерапрыемства. Кульмінацыяй праекта стаў маштабны фестываль “Жыла-была казка”.
Новым напрамкам дзейнасці бібліятэкі стала работа над кнігай “Летапіс Свята-Пакроўскай царквы в. Бялавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці”, праца над якой вялася на працягу 2023 – 2024 гг. Кніга выдадзена ў жніўні 2024 года ў выдавецтве “Каўчэг”.
Мастоўская раённая бібліятэка стала пляцоўкай для першага рэспубліканскага фестывалю паэзіі “Масты сугучнаці”, які сабраў на свята амаль трыццаць паэтаў са ўсёй краіны.
Па ініцыятыве Таццяны Іосіфаўны былі распрацаваны, праведзены і рэалізуюцца шматлікія раённыя бібліятэчныя праекты, праграмы, конкурсы, акцыі і маштабныя мерапрыемствы. Сапраўдным адкрыццём для наведвальнікаў бібліятэкі стаў тэатр ценяў. Штогод больш за пяцьсот наведвальнікаў прымае міні-музей “Мир докомпьютерной техники”. Шмат цікавага можна знайсці ў краязнаўчых базах данных і іншых інтэрактыўных рэсурсах, распрацаваных бібліятэкай.
Віншуем Таццяну Іосіфаўну з высокай узнагародай і жадаем новых дасягненняў!