Абласны фотакрос “Я – падарожнік, я – краязнаўца”
Падвясны мост – візітная картка г.Масты
Самы доўгі ў Беларусі пешаходны падвясны мост праз раку Нёман быў пабудаваны ў 1972 годзе. Даўжыня цуда-маста – 193,3 метра, шырыня прахожай часткі – 1,5 метра. Гэта адзіны ў рэспубліцы вялікапралётны пешаходны мост арыгінальнай канструкцыі. Яго двайнік знаходзіцца толькі ў Літве. Падвясны мост – любімае месца адпачынку жыхароў і гасцей райцэнтра.
![](http://mostylib.by/wp-content/uploads/фото-сжатое-16.jpg)
“Сялянская хатка XIX стагоддзя”
УК “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей”
аг. Гудзевічы Мастоўскі раён Гродзенская вобласць
У 1980 годзе за калгасны кошт перавезлі з вёскі Семярэнкі Мастоўскага раёна да музея аўтэнтычную драўляную сялянскую хатку ХІХ ст. Калі гэтая хатка была пабудавана, дакладна не вядома. Сялянская хатка зроблена з абпілаванага дрэва, накрыта саламяным дахам. Складаецца з жылога пакоя, сенцаў, каморы. Пазней, у 1995 годзе, каля хаткі з’явіўся свіронак (таксама з в.Семярэнкі) – гэта гаспадарчая пабудова, у якой захоўвалі збожжа.
![](http://mostylib.by/wp-content/uploads/Фота-хаткі-1024x540.jpg)
Свята-Мікалаеўская царква
аг.Дубна Мастоўскі раён Гродзенская вобласць
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваны ў 1844 годзе з цэглы. Згодна з паданнем, храм быў узведзены італьянскімі архітэктарамі памылкова. Праект велічнага храма вышынёй 35 метраў, разлічанага на вялікую колькасць прыхаджан, ствараўся для горада Дубна Ровенскай вобласці Украіны. Аднак будаўнікі пераблыталі населеныя пункты і пабудавалі царкву ў вёсцы Дубна, дзе налічвалася ўсяго некалькі дзесяткаў двароў.
![](http://mostylib.by/wp-content/uploads/Сжатое-1.jpg)
Касцёл Святой Ганны
аг. Лунна Мастоўскі раён Гродзенская вобласць
Храм пабудаваны ў 1782 годзе з цэглы, ахоўваецца дзяржавай як гісторыка-архітэктурная каштоўнасць. Існуе легенда, што самы першы касцёл быў пабудаваны на ахвяраванні вялікай княгіні Літоўскай, каралевы Польскай Боны Сфорцы яшчэ ў 1531 годзе.
У касцёле Святой Ганны ёсць рэдкія рэліквіі. Напрыклад, ложа знакамітай польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, якая часта прыязджала ў Лунна. У рамане “Над Нёманам” Э.Ажэшка згадвае аб унікальнай іконе Маці Божай, што ў Лунненскім касцёле. Загадка рарытэта да гэтага часу не раскрыта.
![](http://mostylib.by/wp-content/uploads/фото-сжатое-17.jpg)
Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Ліпічанская пушча”
Гонарам Мастоўскага раёна з’яўляецца ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Ліпічанская пушча”, плошча якога складае каля 15 тыс. гектараў. Размешчаны заказнік уздоўж рэк Нёмана і Шчары.
У пушчы прадстаўлены 17 відаў раслін, 30 відаў птушак і насякомых, якія рэдка сустракаюцца на тэрыторыі рэспублікі і занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Захаваліся тут і ўнікальныя дубровы, дзе ўзвышаюцца дубы-веліканы, якім ужо 200-450 гадоў, цікавасць выклікаюць рэшткі ледніковых парод і дзюнны ландшафт.
![](http://mostylib.by/wp-content/uploads/Фото-сжатое-27.jpg)
Палацава-паркавы комплекс з маёнткам
аг.Вялікая Рагозніца Мастоўскі раён Гродзенская вобласць
Закладзены ў 2-й палове 18 ст. паводле фундацыі смаленскага кашталяна Антона Сухадольскага. У сядзібе некалі гасцяваў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
На сённяшні час захаваліся парк з двума ставамі і алеяй, сядзібны дом, выязная брама, некалькі мураваных гаспадарчых пабудоў, непадалёк брамы з левага боку стары склеп. У сядзібе зараз знаходзіцца праўленне калгаса імя А.Міцкевіча.
![](http://mostylib.by/wp-content/uploads/Фота-Рагозніца-1024x580.jpg)
Крынiчка пры дарозе ў весцы Мiткавiчы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласцi
Крынічка калiсьцi была неаздобленая, заросшая хмызняком. Але у 80-ыя гады пры дапамозе калгаса вучнi разам з настаунiкам Алесям Белакозам прывялi крынiчку ў цудоўны выгляд, паставiлi альтанку, бювет. Цяпер прыемна пасядзець каля крынiчкi, папiць вадзiцы.
![](http://mostylib.by/wp-content/uploads/Крыница-аг.Гудевичи.jpg)
Свята-Траецкая Шчарская крыніца ў Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці
На левым беразе Шчары, злева ад трасы на в. Галубы да вайны знаходзілася старая драўляная царква і могілкі пры ёй. Старажылы памятаюць, як фашысты падчас адной з карных аперацый спалілі царкву і застрэлілі святара.
Праз некаторы час на тым месцы выбілася вада. Цяпер тут знаходзіцца цудатворная Свята-Траецкая Шчарская крыніца з асвячоным крыжом над ёй. Побач пабудавана купель, дзе можна акунуцца. Вада ў крыніцы ніколі не замярзае, нават ў самыя лютыя маразы і лічыцца лекавай.
![](http://mostylib.by/wp-content/uploads/Милевичи-2-1024x776.jpg)