19 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, Пескаўская сельская бібліятэка запрасіла сваіх чытачоў зрабіць падарожжа падчас літаратурна-пазнавальнай гульні “Сябруем з роднай мовай”.
Спачатку дзеці пазнаёміліся з гісторыяй свята і развіццём беларускай мовы да сённяшніх дзён. Бібліятэкар падрыхтавала кніжную выставу “Сябруй з роднай мовай” і завастрыла ўвагу на тым, што нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, мова бацькоў і дзядоў, вялілі скарб, які мы павінны берагчы і развіваць. Затым прысутныя падарожнічалі па станцыях: “Перакладчыкі”, “Словаведы”, “Знаўцы беларускага фальклору”, з цікавасцю прымалі ўдзел у конкурсах: “Таямнічая скрыня”, “Веру – не веру” і іншых.
Адчуць прыгажосць і хараство роднай мовы дапамагло чытанне вершаў класікаў беларускай літаратуры (Я.Купалы, Я Коласа, М.Танка).
У заключэнне на прыпынку “Музыкальны” дзеці выканалі песню на словы Г.Бураўкіна “Калыханка”, якую ведаюць многія з дзяцінства. За актыўны ўдзел усе атрымалі салодкія пачастункі.