Прафесія бібліятэкар
Сучаснасць:
Бібліятэкар 21 стагоддзя – гэта не проста супрацоўнік бібліятэкі, які выдае чытачам кнігі – гэта сувязное звяно паміж мірам інфармацыі, тэхналогій і карыстальнікамі бібліятэк.
Бібліятэчная адукацыя – першы крок у авалоданні прафесіяй, пачатак руху да вяршынь прафесіяналізму, шляху, які працягнецца затым праз усё жыццё.
Работа ў бібліятэцы – гэта:
– бібліятэчнае абслугоўванне: бібліятэкар выдае літаратуру на абанеменце і ў чытальнай зале, дапамагае карыстальнікам у пошуку і выбары дакументаў (выкарыстанне пры абслугоўванні інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій);
– забеспячэнне карыстальнікам доступу да баз дадзеных як набытых, так і асабістай генерацыі;
– выкананне вусных і пісьмовых запытаў карыстальнікаў, складанне паказальнікаў;
– камплектаванне фонду бібліятэкі, апрацоўка дакументаў, састаўленне і работа з каталогамі, базамі дадзеных;
– работа па ўліку і захаванню фонду, перавод дакументаў у лічбавы фармат;
– арганізацыя кніжных выстаў, праглядаў літаратуры, правядзенне масавых мерапрыемстваў і інш.
Бібліятэкар павінен ведаць:
– асновы бібліятэчнай справы і бібліяграфіі;
– асноўныя бібліятэчныя і тэхналагічныя працэсы;
– асновы інфармацыйных тэхналогій для арганізацыі дзейнасці медыяцэнтраў ва ўмовах бібліятэк;
– тэарэтычныя і метадычныя асновы фарміравання інфармацыйнай культуры;
– формы, метады індывідуальнай і масавай работы з чытачамі;
– асновы працоўнага заканадаўства;
– правілы і нормы аховы працы і пажарнай бяспекі.
Бібліятэкар павінен умець:
– абслугоўваць чытачоў, афармляць і выдаваць літаратуру на дом;
– арганізоўваць выставы, культурна-асветныя мерапрыемствы, гурткі і клубы рознай тэматыкі;
– ствараць і абслугоўваць электронныя каталогі, Интернет-сайты;
– прадастаўляць паслугі па захаванню і раздрукоўванню інфармацыі з электронных носьбітаў;
– запаўняць неабходную дакументацыю, у тым ліку на атрыманне новых кніг.
Якасці, якія забяспечваюць паспяховасць выканання прафесійнай дзейнасці бібліятэкара:
– добрая памяць, якая неабходна для запамінання размяшчэння кніг на паліцах, сюжэтаў прачытаных твораў з мэтай ацэнкі і рэкамендыцыі чытачам;
– досыць хуткае чытанне, якое дазваляе ведаць змест як мага большай колькасці кніг;
– добры зрок;
– уседлівасць, уменне засяроджвацца на адной дзейнасці, здольнасць да хуткай змены дзейнасці (пры бесперапынным патоку наведвальнікаў);
– уменне хутка пісаць і друкаваць (пры наяўнасці камп’ютэрнага абсталявання);
– камунікабельнасць, карэктнасць у адносінах да ўсіх чытачоў, ветлівасць, спагадлівасць, здольнасць адстаяць ўласнае меркаванне без спрэчак і зняваг, уменне слухаць і чуць людзей, непрадузятасць;
– адказнасць у адносінах да людзей і выкананай працы, пунктуальнасць, дакладнасць;
– адсутнасць эмацыйнага напружання пры працяглай манатоннай дзейнасці (пры афармленні дакументацыі) або пры адсутнасці суб’ектаў зносін;
– эмацыйная ўраўнаважанасць – неабходны абавзковы кантроль за сваімі эмоцыямі, іх праявамі;
– эстэтычнае пачуццё прыгажосці, якое дазваляе найбольш прывабна параіць літаратуру чытачам;
– начытанасць, шырокія веды ва ўсіх абласцях, звязаных з літаратурнымі творамі, аўтарамі.
Якасці, якія перашкаджаюць эфектыўнасці прафесійнай дзейнасці бібліятэкара:
– безадказнасць;
– няўважлівасць;
– эмацыйная нястрыманасць.
Калі вы вырашылі прысвяціць сябе прафесіі бібліятэкара, калі вы хочаце авалодаць спецыяльнымі ведамі, без якіх немагчыма працаваць у бібліятэцы, раім пайсці вучыцца:
УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”
Спецыяльнасць “Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць” дае ўнікальную магчымасць навучыцца прафесійна ажыццяўляць пошук, апрацоўку, захоўванне і перадачу інфармацыі, ствараць электронныя інфармацыйныя рэсурсы розных відаў, у тым ліку базы дадзеных, электронныя бібліятэкі, электронныя калекцыі, віртуальныя выставы, мультымедыйныя даведнікі, інтэрнэт-сайты.
Атрымаўшы спецыяльнасць “Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць”, вы зможаце знайсці прафесійнае прымяненне практычна ва ўсіх сферах.
УА “Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў”
Рыхтуе спецыялістаў па спецыяльнасці:
“Бібліятэчная справа” (кваліфікацыя “Бібліятэкар”)