Адшумеў першы Рэспубліканскі фестываль паэзіі “Масты сугучнасці”. Ён пакінуў мноства станоўчых уражанняў у кожнага, хто хоць як сутыкнуўся з гэтай падзеяй.
На творчай сустрэчы паэтаў і пісьменнікаў з чытачамі ў сярэдняй школе №2 г.Масты імя Героя Савецкага Саюза Васіля Пятровіча Жукава нашы знакамітыя госці ў адзін момант захапілі аўдыторыю. Дзеці адразу адгукнуліся на інтэрактыў ад беларускай паэтэсы Валянціны Драбышэўскай – па сваіх творах яна арганізавала сапраўднае тэатральнае дзейства.
Людміла Антонаўна Кебіч, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, таксама ўмее ўтрымаць дзіцячую цікавасць. Паэтэса зачытала некалькі сваіх вершаў і адказала на пытанні асабліва цікаўных.
Новыя кнігі прэзентавалі Кавальчук Тамара Васільеўна, паэтэса і празаік, і Іваноўскі Мікалай Пятровіч, паэт-зямляк, лаўрэат прэміі імя А.І. Дубко “За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва”. Яны чыталі дзецям свае вершы, вялі актыўны дыялог з аўдыторыяй.
Сустрэча з такой цудоўнай назвай – “Зорны вяночак беларускай паэзіі” – сапраўды дала магчымасць юным чытачам пазнаёміцца бліжэй з беларускай паэзіяй і яе яркімі прадстаўнікамі.