офисные услуги

Падвясны мост

Подвесной мост

Сапраўднай візітнай карткай горада Масты з’яўляецца самы доўгі ў Беларусі пешаходны падвясны мост праз раку Нёман.

Падвясны мост быў распрацаваны і пабудаваны ў 1972 годзе. У 1993-1995 гадах прайшла яго рэканструкцыя. Даўжыня цуда-моста – 193,3 метра, шырыня прахожай часткі – 1,5 метра. Гэта адзіны ў рэспубліцы вялікапралётны пешаходны мост арыгінальнай канструкцыі. Яго двайнік знаходзіцца толькі ў Літве.

Падвясны мост – любімае месца адпачынку жыхароў і гасцей райцэнтра. Па ім любяць прагульвацца, тут часта фатаграфуюцца, выпускнікі сустракаюць першы світанак свайго дарослага жыцця. А колькі мост чуў прызнанняў ў каханні, колькі лёсаў злучылася пад ціхі пошум нёманскіх хваляў? Пра гэта раскажуць самыя звычайныя замкі, якія пакінулі тут маладыя пасля ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу. Існуе традыцыя: жаніх у дзень вяселля павінны перанесці нявесту на руках на іншы бераг Нёмана. Здолее – шчасце будзе ў доме.