История
Гісторыя развіцця бібліятэчнай справы ў Мастоўскім раёне непасрэдна звязана з тымі падзеямі, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі. У 1939 годзе, пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй у адзіную рэспубліку, пачалі праводзіцца сацыяльна-эканамічныя і культурныя пераўтварэнні. За кароткі час, усяго 1 год і 9 месяцаў (менавіта столькі часу прайшло да пачатку Вялікай Айчыннай вайны), у раёне адбылося шмат перамен: ажыццяўлялася ўсеагульнае пачатковае навучанне, былі адкрыты раённы Дом культуры, раённая бібліятэка, дзве сельскія бібліятэкі і 11 хатаў-чытальняў. Працаваць было нялёгка: не хапала памяшканняў і кадраў.
40-я гады…
У час Вялікай Айчыннай вайны фашысты знішчылі шмат устаноў культуры ў раёне. Асаблівую цікавасць прадстаўляе сабой архіўны дакумент “З рэестра актаў уліку ўрону, які быў прычынены нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўстановам адукацыі Мастоўскага раёна (у рублях)”, дзе падлічаны ўрон не толькі ўстаноў адукацыі, але і некаторых устаноў культуры:
“…Изба-читальня Мосты, акт 23/ II- 45г. – 113200 …
… Райбиблиотека г.Мосты 14/ II- 45г. – 36600 …
Председатель областной комиссии по учёту ущерба П.Калинин
Ответственный секретарь комиссии по учёту ущерба Л.Вульфин ”
Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 845. Воп. 1. Спр. 192. Л. 113.
У ліпені 1944 г. горад Масты быў вызвалены. Пачалося адраджэнне як прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці, транспарту, так і культурна-бытавых устаноў. Ужо да канца года стала працаваць раённая бібліятэка, якая спачатку размяшчалася ў невялічкім пакойчыку Мастоўскай няпоўнай сярэдняй школы.
Жыхароў раёна ў 1949 годзе абслугоўвалі адна сельская самастойная бюджэтная бібліятэка – Зяльвянская с/б Пескаўскага с/с ( першы бібліятэкар – Сідарава Пелагея Ігнатаўна ) і наступныя хаты-чытальні:
Малькаўская ( Ільюк Марыя Міхайлаўна ) (у бібліятэцы было 310 кніг, радыёпрыёмнік, струнны інструмент, патэфон). Карысталася бібліятэкай 250 чытачоў.
- Мілявіцкая ( Лягеза ) ,
- Курылавіцкая ( Боцька Іван Васільевіч ) ,
- Белавіцкая ( Мама ) ,
- Рагозніцкая ( Меляшэўская ) ,
- Занёманская (Валковіч Надзея Канстанцінаўна)
- Азёркаўская ( Лупач ) ,
- П.Мастоўская ( Маскевіч ) .
З кожным годам колькасць бібліятэк, якія абслугоўвалі жыхароў раёна, павялічвалася. Адчыняліся новыя хаты-чытальні. Ужо ў 1950 годзе з’явіліся 2 калгасныя бібліятэкі і 4 бібліятэкі прафсаюзных органаў, ствараліся прыклубныя бібліятэкі. У гэтым жа годзе для бібліятэк раёна было набыта 7675 кніг на 12500 рублёў.
50-я гады…
1951 год стаў адметным: адчыніла свае дзверы для маленькіх чытачоў раённая дзіцячая бібліятэка. Першай загадчыцай была назначана Вінаградава Зінаіда Іванаўна, бібліятэкарам – Прымак Ніна Васілеўна. Фонд бібліятэкі ў той час налічваў 1350 кніг.
У хуткім часе кіраваць бібліятэкай пачала Ільюк Любоў Сяргееўна і прапрацавала на гэтай пасадзе 10 гадоў. Шмат бібліятэкараў змянілася за гэты час, але ўсе 10 гадоў побач была Леанчук Вера Мікітаўна, якая ўсё жыццё аддала абранай прафесіі, працавала ў раённай бібліятэцы, бібліятэцы РК КПБ, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
Ішлі гады. Папаўняўся кніжны фонд бібліятэкі, павялічвалася колькасць яе карыстальнікаў, расла яе папулярнасць. І ўсё гэта дзякуючы тагачасным супрацоўнікам. У 1963-1973 гг. загадвала бібліятэкай Марыя Аляксандраўна Шчука, разам з якой плённа працавалі Благун Клаўдзія Мікалаеўна і Садоўская Тамара Канстанцінаўна.
10 гадоў (1975-1984) узначальвала бібліятэку Гурская Алена Яфімаўна – энергічны і працавіты кіраўнік. Яна ўнесла пэўны ўклад у арганізацыю бібліятэчнай справы ў раёне, стала арганізатарам многіх цікавых пачынанняў у бібліятэцы, а для сельскіх бібліятэкараў была дарадчыкам і памочнікам. Разам з Аленай Яфімаўнай пачыналі сваю працоўную дзейнасць: Дзямешчык Ірына Рамуальдаўна – чалавек, адданы сваёй справе, нераўнадушны, творчы, і Клімовіч Галіна Іванаўна.
У 1984 годзе раённая дзіцячая бібліятэка справіла сваё наваселле. Яна размясцілася на другім паверсе светлага прасторнага будынака, першы паверх якога займала цэнтральная бібліятэка. У гэтым жа годзе адбыліся змены ў кіраўніцтве бібліятэкі: Гурская А.Я. пайшла на заслужаны адпачынак, а бібліятэку ўзначаліла Прэдка Тамара Мікалаеўна, якая кіруе бібліятэкай і сёння. Тамара Мікалаеўна – творчы чалавек, яна ніколі не бывае абыякавай, заўсёды шукае нешта новае, цікавае. Практычна ўсё афармленне ў бібліятэцы зроблена яе працавітымі рукамі. Гэта чалавек, з якім лёгка дыхаецца, жывецца і працуецца.
Раённая дзіцячая бібліятэка жыве ў рытме сённяшняга дня. Для яе супрацоўнікаў ( Прэдка Т.М., Дзямешчык І.Р., Буцько В.Ю., Ярашук Т.З.) вельмі важна, каб бібліятэка выглядала прывабна, каб ў яе быў свой непаўторны стыль работы.
Старыя альбомы і фатаграфіі ажыўляюць мінулае. Якімі маладымі былі сённяшнія ветэраны бібліятэчнай справы! Гэта Дубатоўка Марыя Канстанцінаўна (заг. Ланцавіцкай бібліятэкі), Хомка Алена Пятроўна (заг. Гудзевіцкай бібліятэкі), Тумашчык Ніна Андрэеўна (заг. Монькавіцкай бібліятэкі). Амаль 40 годоў жыцця прысвяцілі сваім бібліятэкам, сваім чытачам Шот Галіна Рыгораўна (заг. Парфёнавіцкай бібліятэкі), Мацуль Ірына Станіславаўна (заг. Мікелеўшчынскай бібліятэкі), Заяц Уршуля Аляксандраўна (заг. В.Рагозніцкай бібліятэкі), Данільчык Ніна Фамінічна (заг. Пескаўскай бібліятэкі). Менавіта дзякуючы гэтым самаадданым людзям, якія прыйшлі працаваць у бібліятэкі раёна яшчэ ў пяцідзесятыя гады, развівалася і мацнела культура раёна. Побач з іншымі работнікамі культуры шмат гадоў яны плённа працавалі, аддавалі ўсю сваю душу рабоце, цяпло сваіх сэрцаў дзецям, прывівалі хлопчыкам і дзяўчынкам любоў да кнігі, да чытання.
Гісторыя адной з лепшых бібліятэк Мастоўшчыны – Рагозніцкай сельскай бібліятэкі -пачалася ў жніўні 1950 года ў вёсцы Вялікая Рагозніца. Спачатку яна называлася Рагозніцкая хата-чытальня. Знаходзілася ў звычайнай вясковай хаце. Фонд бібліятэкі налічваў 426 экз. кніг і размяшчаўся ў двух самаробных шафах-стэлажах. Першай загадчыцай бібліятэкі стала Украінская Ганна Уладзіміраўна, якая паздней пераехала жыць у Казахстан. Праз некалькі гадоў хата-чытальня была перайменавана ў бібліятэку Рагозніцкага сельскага дома культуры, а ў 1965 годзе яна стала самастойнай Рагозніцкай сельскай бібліятэкай. Фонд яе ўжо складаў 5179 экз. дакументаў.
Цяпер бібліятэка размяшчаецца ў прасторных пакоях былога панскага маёнтка. Для маленькага чытача выдзелены дзіцячы пакой, у якім створаны куток прыроды. Адной з першых ў раёне Рагозніцкая бібліятэка аформіла этнаграфічны куток сваёй мясцовасці, дзе былі сабраны экспанаты з “бабуліных куфраў” : аддзене, прадметы хатняга ўжытку і працоўнай дзейнасці нашых продкаў. Захоўваецца ў бібліятэцы газетны матэрыял амаль трыдцацігадовай даўнасці пад назвамі:
- Што пішуць аб нашым калгасе і яго людзях,
- Іх праца адзначана Радзімай,
- Летапіс народнай славы,
- З гісторыі Мастоўскага раёна,
- З гісторыі Гродзенскай вобласці.
Цікава, што былы гаспадар панскага маёнтка (дзе цяпер знаходзіцца бібліятэка) Пан Прушынскі, які ўжо доўгі час жыве за мяжой, заўсёды, калі наведвае родныя мясціны, любіць зайсці ў дом, дзе прайшло яго дзяцінства. Любіць тут адпачыць, прайсціся па пакоях, у якіх калісьці гуляў. Шмат цікавых гісторый паведаў пан Прушынскі бібліятэкарам.
На працягу доўгага часу (асабліва ў 70 – 80 –я гады) Рагозніцкая бібліятэка па заслужана лічылася лепшай бібліятэкай раёна. Больш за 10 гадоў бібліятэка з’яўлялася пераможцай сацыялістычных спаборніцтваў і насіла званне “Установа выдатнай работы”. Таксама бібліятэка з’яўлялася школай перадавога вопыту па прапагандзе сельскагаспадарчых ведаў. А ў 1973 годзе Рагозніцкая сельская бібліятэка за поспехі, дасягнутыя ў ходзе Рэспубліканскага агляду, прысвечанага 50-годдзю ўтварэння СССР, была ўзнагароджана дыпломам. Усё гэта заслуга прыемнай, добразычлівай жанчыны, працавітага, ініцыятыўнага работніка – Заяц Уршулі Аляксандраўны.
У 1959 г. васемнаццацігадовай дзяўчынай прыйшла яна на работу ў Рагозніцкую бібліятэку і прапрацавала тут 41 год. Увесь гэты час бібліятэка пад кіраўніцтвам Уршулі Аляксандраўны з’яўлялася добрым памочнікам праўлення калгаса, партыйнай арганізацыі, дапамагала мабілізоўваць працаўнікоў на выкананне вытворчых планаў і абавязкаў. Бібліятэкар добра ведала чытачоў сваёй зоны абслугоўвання, стварыла моцны актыў бібліятэкі. Уршуля Аляксандраўна гасцінна запрашала сваіх аднавяскоўцаў на розныя мерапрыемствы. Заўсёды ў гэтай чулай жанчыны знаходзілася для чалавека добрае слова. Яна магла параіць, якімі народнымі сродкамі лячыць тую ці іншую хваробу (а кніг па народнай медыцыне ў бібліятэцы хапае), падзяліцца рэцэптам пірага, паспачуваць пажылым і адзінокім людзям, якія ішлі да яе са сваімі крыўдамі і бедамі, падтрымаць іх і раздзяліць іх радасць. І кожнага яна выслухае, з кожным пагаворыць. А што яшчэ бывае ў жыцці даражэй, чым добрае слова, сказанае чалавеку сваечасова?
За сваю добрасумленную працу Заяц Уршуля Аляксандраўна неаднаразова была ўзнагароджана Ганаровымі Граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства культуры БССР, Ганаровымі граматамі упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама і аддзела культуры Мастоўскага райвыканкама, атрымлівала каштоўныя падарункі. У 1988 годзе была ўзнагароджана медалём “Ветеран труда”. Цяпер яна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але часта наведвае бібліятэку, дае каштоўныя парады маладым бібліятэкарам, удзельнічае ў масавых мерапрыемствах.
60-я гады…
У гэты перыяд з’явіліся новыя сельскія бібліятэкі,былыя прыклубныя пераўтвараліся ў самастойныя. За перыяд з 1969 да 1975 года самастойнымі сталі 27 бібліятэк Мастоўшчыны.
У 1967 годзе была адчынена гарадская дзіцячая бібліятэка. Біяграфія гэтай бібліятэкі непарыўна звязана з біяграфіяй двух жанчын, якія ўсё жыццё прысвяцілі дзецям. Вучылі іх любіць кнігу, разумець цудоўнае, выхоўвалі ў маладога пакалення пачуццё нацыянальнага гонару, патрыятызму. Гэта: Панас Людміла Канстанцінаўна і Гарнак Лідзія Сцяпанаўна, якая ўзначаліла гарадскую дзіцячую бібліятэкі з моманту яе адкрыцця. Маладой дзяўчынай прыехала яна ў 50-я гады па накірунку камсамола на Мастоўшчыну з Усходняй Беларусі з мэтай арганізацыі ўстаноў культуры ў нашым раёне. Спачатку працавала метадыстам у ДК, у 1955-1959 гг. узначальвала аддзел культуры, а з 1967 года і на працягу наступных 9 гадоў з’яўлялася кіраўніком гарадской дзіцячай бібліятэкі.
Амаль усё сваё працоўнае жыццё звязала з гэтай бібліятэкай Панас Людміла Канстанцінаўна. У 1968 годзе яна прыйшла працаваць у дзіцячую бібліятэку і затрымалася тут на доўгія 23 гады. Спачатку была бібліятэкарам, а з 1976 да 1998 года ўзначальвала гэтую бібліятэчную ўстанову.
З 1999 г. і да сённяшняга часу кіруе бібліятэкай Рында Марыя Фаустаўна, бібліятэкарам працуе Міканава Любоў Іванаўна.
70-я гады…
Вялася падрыхтоўчая работа да дзяржаўнай цэнтралізацыі бібліятэк. У 1978 годзе, па рашэнню райвыканкама за № 21 ад 24 жніўня 1977 года, была праведзена цэнтралізацыя бібліятэк Мастоўскага раёна і арганізавана ЦБС. Змяніліся і функцыі раённай бібліятэкі. З гэтага часу яна становіцца цэнтральнай. У бібліятэцы былі арганізаваны аддзелы : абслугоўвання, методыка-бібліяграфічны, камплектавання і апрацоўкі літаратуры, арганізацыі і выкарыстання адзінага кніжнага фонду.
У склад цэнтралізаванай сістэмы ўвайшла 51 дзяржаўная масавая бібліятэка: цэнтральная раённая, 2 дзіцячыя, 48 сельскіх. Кніжны фонд усіх аб’яднанных бібліятэк на 1.01.1978 г. склаў 404259 экз. За год паступіла ў бібліятэкі сістэмы 47094 экз. друкаванай прадукцыі. Колькасць чытачоў – 29188 чалавек, ім выдана 601975 дакументаў.
Метадычная і бібліяграфічная дапамога аказвалася 48 сельскім, 1 прафсаюзнай, 63 школьным, 3 ведамасным бібліятэкам. Усяго ў цэнтралізаваную сістэму ўвайшло 63 штатныя адзінкі, з іх бібліятэчных работнікаў – 59.
Створаны даведачны апарат у дапамогу камплектаванню адзінага фонду ЦБС : цэнтральны алфавітны каталог, алфавітныя каталогі ва ўсіх бібліятэках, а сістэматычныя – у 6 сельскіх бібліятэках. Палепшылася матэрыяльная база бібліятэк : атрымалі новае памяшканне – 7 бібліятэк, капітальны рамонт і бягучы праведзены ў 19 сельскіх бібліятэках. Тэлефанізаваны : раённая, дзіцячыя і 26 сельскіх бібліятэк. Аўтатранспартам цэнтралізаваная сістэма не забяспечана. Мастоўская ЦБС была аднесена да 3 групы па аплаце працы работнікаў бібліятэк.
Заўсёды, як толькі заканчваўся чарговы квартал, падводзіліся вынікі работы кожнай культасветустановы, кожнага работніка клуба і бібліятэкі. На такой нарадзе адзначалася праца лепшых, ім уручаліся граматы, падарункі райаддзела культуры і мясцовага прафсаюза. Вядома, не абыходзілася без аналізу недахопаў і крытыкі. Як правіла, на падвядзенне вынікаў работы запрашалі сваіх калег з суседняга Шчучынскага раёна, з якімі работнікі культуры Мастоўшчыны не толькі спаборнічалі, але і моцна сябравалі. Вопыт суседзяў – не чужы. Спаборніцтва настойліва патрабуе пераймаць усё лепшае і выкарыстоўваць у сябе. Так, у 1974 годзе дэлегацыяй Мастоўскага аддзела культуры было наведана 28 культасветустаноў, цікавіліся іх работай. Многа карыснага ўзяла наша дэлегацыя ад наведвання Жалудоцкай сельскай бібліятэкі. Тут спадабалася як арганізавана прапаганда кнігі, давядзенне яе да кожнага жыхара пасёлка. Добра працуюць тут таксама і кнігаперасоўкі. Калі суседзі прыехалі ў наш раён, сярод іншых устаноў культуры іх пазнаёмілі з работай Рагозніцкай сельскай бібліятэкі, дзе ім спадабалася аформленая наглядная агітацыя. Многае з гэтага афармлення яны вырашылі прымяніць у сябе. Такія кантакты, абмен думкамі і накопленым вопытам дапамагалі ў паляпшэнні работы па абслугоўванні насельніцтва. Спаборніцтва прыносіла свой плён.
80-я гады…
У 1984 годзе цэнтральная бібліятэка пераехала ў новы тыпавы будынак. Некаторыя сельскія бібліятэкі перасяліліся ў больш зручныя памяшканні, ў шэрагу бібліятэк праведзены капітальны рамонт.
Праца ўстаноў культуры ўзбагацілася глыбокім зместам, новымі формамі і метадамі масавай работы. Стала больш праводзіцца ў бібліятэках тэматычных вечароў, сустрэч з перадавікамі сельскагаспадарчай вытворчасці. Значнае месца адводзіцца прапагандзе сельскагаспадарчых ведаў і перадавога вопыту. Большасць мерапрыемстваў прысвячаецца сельскаму працаўніку.
Важнае месца ў рабоце бібліятэк адводзілася ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі. У сельскіх бібліятэках афармляліся стэнды, плакаты, вітрыны, у якіх расказвалася аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аб падзеях Вялікага Кастрычніка.
Вялася значная работа па прапагандзе прававых ведаў, камуністычнай маралі. З гэтай мэтай арганізоўваліся дыспуты, вусныя часопісы. У большасці бібліятэк нядрэнна наладжана атэістычная прапаганда – чыталіся лекцыі, абмяркоўваліся кнігі атэістычнай тэматыкі, арганізоўваліся індывідуальныя гутаркі з вернікамі, практыкавалася правядзенне атэістычных вечароў. Работнікі культуры аказвалі значную дапамогу мясцовым Саветам дэпутатаў працоўных у арганізацыі новых свят і абрадаў. Асабліва добра гэта работа была наладжана ў вёсках Струбніца, Курылавічы, Малькавічы і іншых населеных пунктах раёна.
90-я гады…
У 90-я гады мела месца вялікае скарачэнне сельскіх бібліятэк, перавод некаторых з іх на 0,5 і на 0,25 стаўкі. Для параўнання: пры цэнтралізацыі (1978 г.) раён абслугоўвалі 48 сельскіх бібліятэк, праз 10 гадоў (1988 г.) ужо 41 сельская бібліятэка, у 1998 г. – 35, з іх 23 бібліятэкі працавалі на поўную стаўку, 8 бібліятэк на 0,5 стаўкі, 4 на 0,25 стаўкі. Устае пагроза аб’яднання публічных і школьных бібліятэк.
На ўсе падзеі літаратурнага і грамадскага жыцця бібліятэкі звяртаюць сваю ўвагу. Урачыста адзначаюцца : Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі, Дзень беларускага пісьменства, Дзень маці, Дзень пажылых людзей. У 1997 годзе важная падзея адбылася на Мастоўшчыне – рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі-97”, у правядзенні якога бібліятэкары раёна прымалі актыўны ўдзел. Добрай традыцыяй сталі сустрэчы з таленавітымі людзьмі свайго краю, усё часцей ў бібліятэках наладжваюцца выставы мясцовых умельцаў.
Далейшае развіццё атрымала бібліятэчнае краязнаўства. У бібліятэках вядзецца збор паданняў, звестак аб сваёй мясцовасці, складаюцца “Летапісы вёсак”, “Летапісы бібліятэк”. Бібліятэкі Мастоўшчыны прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” і ў абласным конкурсе “Малая Радзіма чакае сваіх даследчыкаў”.
2000-я гады…
У сучасны перыяд бібліятэкі Мастоўскай ЦБС знаходзяцца ў стадыі пераасэнсавання сваёй дзейнасці : змяняюцца традыцыйныя бібліятэчныя тэхналогіі, укараняюцца новыя формы абслугоўвання насельніцтва. Вядзецца пошук дадатковага фінансавання бібліятэк, ствараюцца камерцыйныя фонды, выяўляюцца фундатары. Недахоп фінансавых сродкаў прымусіў бібліятэкі раёна пачаць работу па ўкараненні платных паслуг. На сённяшні час платныя паслугі аказваюць усе бібліятэкі Мастоўскай ЦБС.
Да традыцыйных функцый бібліятэк асветніцкага характару, зберажэння культурнай спадчыны дапаўняюцца функцыі інфармацыйных цэнтраў. У 2003 годзе пачаў сваю работу Публічны цэнтр прававой інфармацыі. Створаны ўсе ўмовы для поўнага, дакладнага і аператыўнага забеспячэння чытачоў інфармацыяй ў галіне права. Вядзецца работа з праграмай Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі РБ “Эталон WIN”, у якім змешчана паўнатэкставая база дадзеных прававой інфармацыі. Была заключана дамоўленасць з раённай юрыдычнай кансультацыяй аб аказанні бясплатных кансультацый для карыстальнікаў. Бібліятэкі прымаюць ўдзел у абласным конкурсе “Бібліятэка – інфармацыйны цэнтр рэгіёну”.
Важным накірункам дзейнасці бібліятэк ЦБС становіцца пераход на новыя тэхналогіі: спачатку былі набыты 3 камп’ютэры, бібліятэчная праграма ALIS і база прававой інфармацыі. У 2002 годзе пачалася работа па стварэнню электроннага каталога.
Ацэньваючы дзейнасць бібліятэк Мастоўшчыны на працягу 60 гадоў, хочацца адзначыць, што нягледзячы на пэўныя цяжкасці, бібліятэкары заўсёды імкнуліся зрабіць усё магчымае, каб задаволіць запыты сваіх чытачоў.
Гісторыя развіцця бібліятэчнай справы ў Мастоўскім раёне непасрэдна звязана са стварэннем раённай бібліятэкі. Кожная бібліятэка мае свае вытокі. Гісторыя адкрыцця Мастоўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі пачалася адразу пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе. На вялікі жаль, у архівах не захаваліся звесткі аб першых бібліятэкарах, аб месцы, дзе была размешчана бібліятэка, аб яе фондзе.
З 1949 года раённую бібліятэку ўзначальвае Казакова Ганна Максімаўна. Працуюць у бібліятэцы і два бібліятэкары – Ткачук Ганна Харламаўна і Конава Вера Іванаўна. Размяшчалася бібліятэка па адрасе: г.Масты, вул. Савецкая, д.29 у камунальным памяшканні, якое складалася з двух невялікіх пакойчыкаў. У чытальнай зале было 3 сталы, 5 крэслаў, 10 табурэтак. 3 стэлажы – адзін двухбаковы і два аднабаковыя змяшчаліся ў кнігасховішчы. Агульная плошча бібліятэкі складала 32 м2 , у тым ліку залы – 22м2.
Фонд бібліятэкі на 1.01.1949 г. складаў – 2663 экз. За год бібліятэка атрымала 922 экз. літаратуры на суму 6697 руб. 80 кап., выбыла – 150 экз. Літаратура набывалася праз бібкалектар, кніжны магазін № 1 г.Гродна і мясцовы кніжны магазін. І ўжо на 1.01.1950 г. фонд бібліятэкі налічваў 3584 экз. дакументаў. Агульная колькасць чытачоў раённай бібліятэкі ў 1949 годзе складала 1336 чалавек, з іх – 481 дзіцячы чытач; 118 чытачоў карысталіся чытальняй, а 553 – перасоўкамі. За год чытачам было выдадзена дадому 14589 экз. кніг. Колькасць наведванняў – 12996. Усе гэтыя лічбы гавораць аб тым, што раённая бібліятэка карысталася попытам: чытачы актыўна наведвалі бібліятэку (наведвальнасць складала амаль 10 ) .
На жаль, у бібліятэцы было холадна і сыра. Кнігі доўгі час не перапляталіся. Каталога на ўвесь фонд не было. Не хапала дзіцячай літаратуры.
Аднак нягледзячы на нялёгкія ўмовы першых пасляваенных гадоў бібліятэкарам працаваць было цікава, таму што людзі цягнуліся да ведаў, да кнігі. Чытачы актыўна ўдзельнічалі ў дыспутах, гутарках. Так, у 1949 годзе ў Мастоўскай раённай бібліятэцы было аформлена 24 кніжныя выставы, праведзена: 59 гучных чытак, літаратурны вечар, чытацкая канферэнцыя па кнізе Б.Палявога “Повесть о настоящем человеке”. Працавала ў бібліятэцы і 2 гурткі. Увогуле мерапрыемствы, якія праводзіліся ў той час, аб’ядноўвалі шырокае кола чытачоў і былі прысвечаны розным палітычным кампаніям і падзеям грамадскага жыцця. І трэба зазначыць, што яны выклікалі вялікую цікавасць у чытачоў, бо нараджалі веру ў новае, лепшае жыццё.
Штогод выбіраўся актыў бібліятэкі, які складаўся з 10 чалавек: гэта былі ўрачы, настаўнікі, аграномы, работнікі райвыканкама, фанернага завода, лесазавода.
Вядома, што доўгі час раённая бібліятэка не мела пастаяннага і зручнага памяшкання. Доўгія гады яна знаходзілася то ў адным месцы, то ў другім. Многа энергіі для паляпшэння матэрыяльнай базы, прываблівання чытачоў, прапаганды кнігі зрабіла Плыткевіч Алена Яўсееўна, якая з 1959 да 1967 года з’яўлялася загадчыцай Мастоўскай раённай бібліятэкі.
У 1970 годзе загадчыцай бібліятэкі была назначана малады спецыяліст з вышэйшай адукацыяй – Кожына Марыя Дзмітраўна, якая працавала на гэтай пасадзе да 1973 года.
З 1967 года непарыўна звязала сваю працоўную дзейнасць з раённай бібліятэкай Мятлюк Ірына Сцяпанаўна. У 1975 годзе яна ўзначаліла бібліятэку і была яе нязменным кіраўніком на працягу 22 гадоў. Ірыну Сцяпанаўну заўсёды адрознівала спалучэнне патрабавальнасці да сябе і тых, хто працаваў побач, з уменнем падтрымаць, дапамагчы. У 1978 годзе разам са сваімі супрацоўнікамі яна пачала праводзіць цэнтралізацыю, якая адкрыла новыя магчымасці для каардынацыі работы бібліятэк раёна ў фарміраванні кніжных фондаў, інфармацыйным абслугоўванні чытачоў і інш.
У 1984 годзе быў пабудаваны тыпавы будынак ЦРБ, у якім размяшчаюцца ўсе нашы кніжныя скарбы і зараз. Пасля пераезду ў жыцці бібліятэкі наступіла новая эпоха. Радаваліся чытачы, наведваючы прасторнае светлае памяшканне, вельмі былі задаволены бібліятэкары (хаця ім многа давялося папрацаваць, каб зрабіць бібліятэку прывабнай і ўтульнай).
Галоўнымі накірункамі дзейнасці бібліятэкі сталі : арганізацыя вольнага часу моладзі, людзей сталага ўзросту, збор і захаванне нацыянальнай спадчыны, культуры, роднай мовы.
Пры бібліятэцы была створана літаратурна-музычная гасцёўня “Натхненне”, якая працуе да сённяшняга дня. У той перыяд сумесна з таварыствам аматараў кнігі часта арганізоўваліся сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі. Тут пабывалі: Васіль Быкаў, Адам Русак, Алесь Махнач, Павел Місько і інш. Гасцёўня аб’яднала творчую інтэлігенцыю, а яе галоўнай мэтай было прывабліванне людзей з агульнымі інтарэсамі і захапленнямі.
Бібліятэцы заўсёды шанцавала на таленавітых кіраўнікоў. На гэты раз яе узначаліла Валчкевіч Таццяна Уладзіміраўна – энтузіяст бібліятэчнай справы, творчы і мэтанакіраваны чалавек.
Да свайго дырэктарства Таццяна Уладзіміраўна працавала ў метадычным аддзеле, самым сэрцы бібліятэкі. У яе была магчымасць не толькі вывучыць запыты чытача, аказваць метадычную дапамогу сельскім бібліятэкарам, удасканаліць свае арганізатарскія здольнасці, але і стаць прафесіяналам бібліятэчнай справы. А ўзначаліўшы бібліятэку, Таццяна Уладзіміраўна ўклала ў работу ўвесь свой талент сталага кіраўніка і гаспадыні, ператварыўшы бібліятэку ў сапраўдны, велічны Храм культуры.
У калектыве бібліятэкі ведаюць, што дырэктар – чалавек дэмакратычны, і да яе можна зайсці са сваёй справай і бібліятэкару, і тэхнічнаму работніку, і чытачу. Усіх яна выслухае, калі трэба – падтрымае, дапаможа.
Больш за 30 гадоў Таццяна Уладзіміраўна робіць ўсё магчымае, каб добрая кніга абагачала сэрцы, была надзейным спадарожнікам у жыцці. Пачаўшы ў 1975 годзе працаваць ў Струбніцкай сельскай бібліятэцы, яна прайшла ўсе ўчасткі бібліятэчнай работы і ведае пра яе не па чутках. Неаднаразова Валчкевіч Таццяна Уладзіміраўна атрымлівала Ганаровыя Граматы ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама і аддзела культуры Мастоўскага райвыканкама.
У 2001 годзе Мастоўская ЦБС была прызнана пераможцай абласнога конкурсу “Лепшая ўстанова культуры” і ўзнагароджана Ганаровай Граматай ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама і каштоўным падарункам. Па вынікам работы за 2004 год Мастоўская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма была прызнана пераможцай конкурсу “Лепшая ўстанова культуры 2004 года” за ўкараненне новых бібліятэчных тэхналогій і форм абслугоўвання.
Але, безумоўна, бібліятэку вялікай робяць яе бібліятэкары. Зараз ў цэнтральнай бібліятэцы працуюць спецыялісты высокага прафесійнага ўзроўню, творчыя, ініцыятыўныя ў выкананні сваіх абавязкаў, спагадлівыя і добрыя да чытачоў. Гэта Ляскевіч Ніна Уладзіміраўна, Прэдка Тамара Мікалаеўна, Навагродская Надзея Дзянісаўна, Кайрыс Зінаіда Леанідаўна, Кулеш Аліна Браніславаўна, Хандогая Марына Вацлаваўна, Чайкіна Святлана Іванаўна і інш.
На працягу звыш 60-ці гадоў у бібліятэках Мастоўскай ЦБС працавалі і працуюць кваліфікаваныя, эрудзіраваныя супрацоўнікі, якія любяць сваю справу. Яны падтрымліваюць традыцыі мінулага, робяць усё магчымае, каб бібліятэка заставалася неабходнай чытачу.