Свята-Мікалаеўская царква ў в. Самуйлавічы Горныя

4

Пабудавана ў 1801 годзе з цэглы і бутавага каменю на сродкі памешчыка маёнтка Аскіркі і прыхаджан, у 1876 годзе перабудавана інжынерам Кржыжаноўскім. У 1875 годзе пабудавана званіца. Першапачатковы выгляд вядомы па фотаздымку Я.Балзункевіча 1910-1914 гг.

Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Вырашана адзіным кампактным прамавугольным у плане аб’ёмам, завершаным паўкруглай апсідай, над якой 2-схільны дах пераходзіць у канічнае пакрыццё. Пасярэдзіне даху ўзведзены 8-гранны барабан з цыбулепадобным купалам. Франтальны фасад руставанымі лапаткамі расчлянёны на 3 праслы, завершаны прамавугольным атыкам з трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў простых атынкаваных ліштвах, вылучаных па паліхромным фоне адкрытай бутавай муроўкі сцен. Каля апсіды пастаўлена мураваная 4-стоўпная шатровая званіца.

 Літаратура:

  1. Кулагін,А.М. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. Даведнік/ А.М.Кулагін.- Мн., 2007.- С.360
  2. Кулагін,А.М. Эклектыка. Архітэктура Беларусі другой паловы Х1Х-пачатку ХХ ст./ А.М.Кулагін.- Мн., 2000.- С.118
  3. Новікава, Г.М. З гісторыі населеных пунктаў Мастоўскага раёна. Самуйлавічы Горныя / Г.М. Новікава // Памяць : гісторыка – дакументальная хроніка Мастоўскага раёна. – Мінск, 2002. – С. 570.
  4. Хрысціянскія храмы Беларусі: На фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак ХХ стагоддзя.- Мн., 2001.- С.148
  5. Сабасцян,А. Царква ў Самуйлавічах (Здымак аўтара)// Зара над Нёманам.- 1998.- 17 чэрв.