Тордзія Іван Нестаравіч

Іван Нестаравіч Тордзія… Гэта імя добра вядома мастаўчанам. Яно яркай пазалотай гарыць на помніку сярод імён тых, хто аддаў сваё жыццё ў грозныя гады Вялікай Айчыннай вайны пры вызваленні нашага горада.  Яго імя носіць адна з вуліц горада Масты.

У баях за горад Масты 13 ліпеня 1944 года паў смерцю храбрых камандзір узвода 1172-га стралковага палка малодшы лейтэнант Іван Тордзія. Двадцацівасьмігадовы калгасны бухгалтар з грузінскай вёскі Зедайцэры, што непадалёку ад горада Зугдзідзі, быў прызваны ў Чырвоную Армію ў чэрвені 1941 года.

 Іван Тордзія ў 348-дывізію прыбыў у красавіку 1944 года. Ваяваў дзёрзка і ўмела.

У часы наступленняў дзейнічаў смела і ініцыятыўна, знішчыў да 25 фашысцкіх салдат, спыніў агонь трох ручных кулямётаў і захапіў у палон групу нямецкіх салдат.

Раніцай 13 ліпеня ўзвод Тордзія разам з іншымі падраздзяленнямі быў паміж рэкамі Нёмана і Зальвянка. Апошнюю неабходна было фарсіраваць, выбіць ворага з заходняга берагу і замацавацца на новым рубяжы.

Дакладна ў назначаны час ударылі па ворагу нашы артылерысты, затым пранеслася каманда: “Наперад! За Радзіму!”. Адным з першых падняў свой узвод у атаку Іван Тордзія. Услед за камандзірам аўтаматчыкі і кулямётчыкі кінуліся ў бой. Гітлераўцы адкрылі шквальны агонь. У самага берага побач з Тордзія разарваўся  артылерыйскі снарад. Смяротна паранены асколкамі міны афіцэр упаў на зямлю…

Напярэдадні наступлення ў часць прыйшоў загад аб прысваенні Івану Тордзія звання малодшы лейтэнант. Ён так і не даведаўся аб гэтым. Не атрымаў адважны воін     і ордэн Айчыннай вайны I ступені, якім быў узнагароджаны за мужнасць і гераізм праяўленыя ў баях за вызваленне ад ворага Прынёманскага краю.  

На ўзгорку паміж Нёманам і Зальвянкай пахаваны Іван Тордзія, які аддаў сваё жыццё за вызваленне нашага горада.

Спіс літаратуры:

1. Звяровіч, С.Р. Апошні бой: пра лейтэнанта Івана Тордзія / С.Р. Звяровіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Мастоўск. р-на. – Мн., 2002. – С. 227-229.

2. Подобед, И.М. Огненные километры: [боевой путь 348-й Бобруйс. стрелковой дивизии] / И.М. Подобед. – Львов, Камэняр, 1991. 123 с.

3. Тордия Иван Нестерович // Их именами названы…: энцикл. справочник. –  Мн.: БелСЭ, 1987. – С. 611.

4. Зверович, С.Р. Погиб в бою за город Мосты: [на Мостовщине свято чтят имя младшего лейтенанта Ивана Тордия, погибшего при освобождении г. Мосты] // Зара над Нёманам. – 2010. – 27 крас. – С. 3.

5. Галаўнёў, А. Па законах братэрства: [у 1944 годзе ў баях за вызваленне горада Масты загінуў камандзір стралковага ўзвода, малодшы лейтэнант І.Н. Тордзія] / А. Галаўнёў // Зара над Нёманам. – 1970. – 9 мая.

6. Гурскі, М. Вуліца імя героя: [аб рашэнні назваць адну з вуліц Мастоў імем Івана Тордзія] / М. Гурскі // Зара над Нёманам. – 1975. – 21 студз.

7. Сабасцян, А. Імёны герояў у памяці нашчадкаў: [пра подзвігі звязаныя з падзеямі вайны ў Прынямонні] / А. Сабасцян // Зара над Нёманам. – 2002. – 13 ліп.

8. Юркавец Г. Апошні прывал Івана Тордзія / Г. Юркавец // Гродз. праўда. – 2002. – 6 чэрв. – С. 11.

  9. Юрэвіч, В. Дружба, замацаваная крывёю: [пра Івана Тордзія, імем якога названа адна з вуліц г. Масты] / В.Юрэвіч // Зара над Нёманам. – 1975. – 5 мая.

10. Юрэвіч, В. Ніхто не забыты: [пра І.Н. Тордзія, які геройскі загінуў, вызваляючы г. Масты] / В. Юрэвіч // Зара над Нёманам. – 1969. — 9 мая.

11. Юшкевіч, Г. Дарогамі мужнасці і гераізму: [да дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў] / Г.Юшкевіч // Зара над Нёманам. – 2002. – 10 ліп.

Прокрутить вверх