Ивановский Н. Вам, Ленінградцы…

Вайна... Блакада... Ленінград...
Зіма... I год сорак другі...
I голад здзейсніў свой напад...
I смерць, і кроў, і ворагі...

У жылах ледзянее кроў,
Калі прыпомню там людзей,
А памяць круціць зноў і зноў,
Вяртае да вайны падзей.

Калі дарослы — нейк прасцей.
Агорне сумам мёртвы страх,
А вачаняты тых дзяцей,
Што маму цягнуць у санях?..

Ваду насілі вы з Нявы,
Калі вакол ад бомбаў свіст?
I кожны з вас, хто быў жывы,
Чакаў ад таты з фронту ліст.

Ці ў пекле тым я выжыць змог?
Сябе пытаю я парой.
Як бараніў бы свой парог?
Які б даў ворагам там бой?

Ці еў бы так сабак, катоў?
Ці смажыць змог бы пацука?
Я прамаўчу, бо не гатоў,
Пакуль не ўздымецца рука.

Бо цяжка сытаму ўявіць,
Калі цяпло і сала пах.
Душа мая заўжды баліць,
Калі снарад ляціць у дах...

Букецік кветачак жывых
Паклаў і я ля вашых ног.
Вякі ўшануюць памяць тых,
Хто нас ад нечысці збярог.

Да 75-годдзя вызвалення Ленінграда з блакады

студзень 2019г. Мікалай Іваноўскі

Прокрутить вверх