Легенда пра Яна і Цэцылію

Недалёка ад вёскі Багатырэвічы на беразе ракі Нёман размешчаны помнік несмяротным закаханым – Яну і Цэцыліі. Існуе легенда, што даўным-даўно ў гэтыя мясціны прыйшлі двое людзей. Відаць было па ўсім, што яны хацелі схавацца ад людскога вока. Ян быў з простых людзей, Цэцылія – са знатнага роду. Яны моцна кахалі адзін аднаго і былі шчаслівыя. У іх нарадзілася шасцёра сыноў і дачок. Мінуў час. Нехта данёс літоўскаму князю аб уцекачах і ён прыехаў са світай паглядзець на іх. Стогадовая пара, акружаная дзецьмі, унукамі і праўнукамі, выйшла з хаты насустрач. Кароль быў здзіўлены іх прыгажосцю і сілай. І надаў кароль усяму роду Яна і Цэцыліі прозвішча Багатырэвічы за іх багатырскі чын, а шляхецкі герб ім – галава зубра на залатым полі.І вось за тое, што здолелі яны адваяваць у пушчы і дзікага звера гэту зямлю, людзі сталі іх называць багатырамі, а вёску – Багатырэвічамі. Калі Ян і Цэцылія памерлі, то пахавалі іх на пагорку, дзе роў аддзяляе яго ад вёскі.

Каля вёскі стаіць копія помніка Яну і Цэцыліі. На якім дата – 1870. Гэта не толькі помнік, але і магіла. Там ёсць два камяні: левы – Ян, правы – Цэцылія. Узносіцца над магілай драўляны крыж з постаццю Хрыста. А на двух камянях незразумелыя знакі і дата “1549”… Арыгінал помніка знаходзіцца з 1930-ых гг. у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі.

Сусветна вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка ў сваім рамане «Над Нёманам» прыгадвае легенду пра Яна і Цэцылію, якую пачула падчас адпачынку ў в. Мінявічы.