Легенда пра Масты

Легенда пра Масты

21

На невялічкім хутары жылі стары са старой з двумя сынамі і яшчэ маладая сям’я. Бацька з маці спраўна вялі гаспадарку, усяго ў іх ставала. Дружна жылі тыя сем’і, маладыя амаль штовечара прыходзілі за парадай ці за слушным словам, а то і проста пагаманіць, душу адвесці.

  Аднаго разу ў маладога гаспадара знянацку захварэлі каровы – на ногі не ўставалі. Куды ж пабяжыш? Толькі да старога, спрактыкаванага ў гэткіх справах чалавека.

  Той распытаў пра ўсё, адразу зразумеў, што гэта ведзьма-малочніца зрабіла, і даў параду, як ад яе пазбавіцца:

– Справа ў тым, што самае месца для ўсялякіх нячысцікаў – глухамань і балаціны, гэта значыцца менавіта нашыя мясціны. У дагледжаныя яны не лезуць, таму трэба праз балаціны ды рвы канавы капаць, масты  масціць.

Так яны і зрабілі: невялічкія рачулкі ды ручаінкі вакол хутара мастамі злучылі і праз колькі часу ўжо і думаць забыліся пра нячысцікаў.

Справа была восенню. Сядзеў неяк той самы дзед з сынамі ў хаціне і ўсялякія былічкі распавядаў. Тут гаспадыня зайшла ў хату дый гаворыць:

– Мужчынкі, хоць і цёмна ўжо, ці не збегае хто да Хведзькі па даёнку? З раніцы аддала, паабяцалі прынесці, ды, відаць, забыліся. А пакідаць на ноч такую рэч нельга. Некалі маці-нябожчыца казала, што, каб у хаце дастатак быў, на ноч нічога чужым людзям даваць нельга.

“Мужчынкі” – гэта было сказана ўвогуле, а ісці трэба было маладзейшаму, Пётру, – такая ў сям’і завядзёнка была, і той гэта добра разумёў. Таму, калі бацька звярнуўся да яго, ён адразу пагадзіўся.

Сабраўся Пётра і пайшоў. А старэйшаму надакучыла ў хаціне сядзець, і вырашыў ён пажартаваць над братам. Хуценька выскачыў за дзверы і, смеючыся, бо ўяўляў, як усё атрымаецца, паджгаў.

Пётра ж нічога не прадчуваў. Імжыў дождж, і ён ішоў, апусціўшы галаву і ўглядаючыся пад ногі, каб не напароцца ненарокам на які корч ды не гопнуцца ў яміну з вадой.

А старэйшы забег наперад і стаіўся пад кусцікам – чакае. Пасядзеў крыху – не, не сядзіцца. Вырашыў, што трэба неяк жудасны выгляд набыць. Адбег убок, накінуў на сябе парваны мяшок, у рот ухапіў вугольчык, які яшчэ тлеў, прысеў – і тут якраз малодшы сунецца. Выскачыў старэйшы на сярэдзіну дарогі і як зафыркае агнём, як закрычыць-затрасецца. Не тое што чалавек – сам нячысцік на месцы ўпаў бы. Толькі з Пётрам такога не здарылася. Ён з перапуду не ўцякаць пабег, а кінуўся на таго, хто яго палохаў, і пачаў пярэсціць ды прымаўляць: 

– Нічога, што мне страшна! Але і табе кухталёў надаю, да скону свайго мяне запамятаеш!

Той, пад падраным мехам, спачатку трываў, не адклікаўся, а потым загаласіў:

– Ой, чалавечку, не чапай мяне! Я ж не нячысцік, я ж звычайны чалавек! Хачу толькі цябе напалохаць. Не бі мяне болей!

Але Пётра яшчэ мацней пачаў лупцаваць страшыдла, якое ўжо ляжала ў агромністай лужыне і ледзьве хліпала. А калі трохі праяснілася ў галаве ў хлопца, то кінуў ён усё і давай уцякаць! Бег спачатку дамоў, але потым нешта здарылася з гаротнікам – ці то розумам крануўся, ці то адчуў сапраўдны страх – толькі пастаяў крыху ля плота, роднай хаты і пайшоў… у адваротны бок.

Раніца заспела Пётру ў незнаёмай мясціне. Потым ён прыгадаў, што некалі быў тут з бацькам – масток невялікі будавалі.  Пайшоў у тым накірунку, дзе павінна была быць рэчка, і сапраўды знайшоў яе. Узрадаваўся хлопец, нібы роднага чалавека напаткаў, сеў на мастку і заплакаў.

Тым часам і сонейка ўзышло. Не грэла, праўда, але весялей стала Пётру. Устаў і хацеў ужо далей ісці, ажно бачыць — насустрач крочыць стары. Параўняўся з ім, павітаўся і пытаецца:

Што гэта ты, хлапчына, заплаканы? Гора якое здарылася ці яшчэ што накінулася?

Не ведаю сказаць як…

Ты распавядай, я зразумею.

Пайшоў я ўчора да суседа. Маці паслала. Але па дарозе нячыстая сіла на мяне напала, не ведаю, як уратаваўся — ці то цуд дапамог ці яшчэ што… А калі да бацькоўскае хаты вярнуўся, то нешта нібы адштурхнула мяне і сказала: «Не ідзі туды, не вяртайся!» Так і пайшоў я ў свет. Ноччу чамусьці не так страшна было, як зараз. Мабыць, таму, што засумаваў па родных… Вось сядзеў і вырашаў, што далей рабіць. Да іх цягне…

Зразумелая справа, хлопча, што цягне, — азваўся стары. — Куды б чалавек ні кіраваў, дзе б ні жыў, ніколі пра родныя мясціны не забывае, асабліва ў цяжкія моманты іх згадвае.

Але што гэта за сіла супыніла мяне ля хаціны і сюды накіравала?

А можа гэта і не сіла, хлопча, а што іншае?.. У вас там пра ведзьмаў ды нячысцікаў нічога не было чуваць?

Зараз не, але тата распавядаў, што раней нячысцікаў усялякіх было столькі, што вечарамі і начамі ад хаты не адыходзіліся. Гадоў колькі таму ведзьма малако ў Хведзькавых кароў псавала, дык тата сказаў, каб мы масткі будавалі праз ручаіны ды рэчкі. Калі мастком вадаём перакінуць, то нячысцкі падохнуць ці паўцякаюць. Толькі выпадкова могуць трапіць да людскога жылля. I гэты масток мы таксама зрабілі…

То можа і той нячысцік, які цябе палохаў, таксама выпадкова заблукаў да вашага падворка?

Не ведаю, але нешта мяне туды не пускае.

Можа, гэта Божая Маці, якая над намі ўсімі ўладарыць, бачыць з неба, што да чаго, і, не жадаючы тваёй смерці, перасцерагае… Так складаная справа… Пайшлі разам. Не гэтак сумна будзе ісці, а калі ноч прыспее – не гэтак страшна начаваць. Разам штонебудзь і прыдумаем. Пайшлі.

Ішлі павольна, размаўлялі. Падарожны быў заклапочаны адным: як бы ўсё правільна зразумець ды раскласці, каб хлопца ў крыўду не даць. Вырашылі, што далёка ад Пётравай хаціны адыходзіць не будуць…

Тым часам і надвячорак настаў, бо які ж восенню дзень. Дзядулька пачаў па баках акідвацца, глядзець, дзе б на ноч прыпыніцца. Тады Пётра ўспоўніў:

Тут недалёка павінен быць стары панскі палац. Але ў ім падарожныя ніколі не спыняюцца…

Чаму?

Баяцца, дзядулька. Такія жахі пра яго распавядаюць, што валасы дыбарам устаюць.

Што ж там такое водзіцца?

Ды не водзіцца… Казалі людзі, што той пан, які тут некалі жыў, знаўся з нячыстай сілай, запрадаў ёй сваю душу і таму спакойна здабываў незлічоныя скарбы, закапаныя на любой глыбіні і паўсюдна схаваныя… Багацця ў яго было мноства, але аднаго разу прыйшла да яго смерць. Гаспадар спрабаваў адкупіцца, прапаноўваў процьму золата, але смерць была няўмольная і забрала яго, а золата ў адзін момант ператварылася ў гнілое лісце. Дык вось кажуць, што душа таго памешчыка тут жыве, разам з іншымі нячысцікамі.

Так. Справы… Але не начаваць жа нам пад адкрытым небам. Трэба ж нам і вогнішча раскласці, і абсушыцца…

Яно так, але я баюся.

Дык мы ж удваіх, пайшлі. Калі што – на сабе ўсё праверым…

Залезлі яны ў самую сярэдзіну палаца, выбралі пакой з вокнамі, з дзвярыма, расклалі вогнішча пасярэдзіне, і адразу стала ўтульна.

Сядзелі яны ды ціхенька размаўлялі, каб незнарок нячысцікаў не выклікаць. Тым часам у гаршчочку, які яны паставілі на краі вогнішча, забулькала вада. Туды паклалі бульбы і чакалі, пакуль яна зварыцца.

Раптам нехта зароў такім жудасным голасам, што ажно тынкоўка са сцен пасыпалася:

Можна?!

Падарожныя зніякавелі, раты адкрыць баяліся, а тое невядомае стварэнне яшчэ грамчэй закрычала:

Можна зайсці?!

Хлопец, нібыта і не збаяўся, адказаў:

Пачакай, толькі бульбу адцэдзім.

Выхапіў гаршчок з агню і давай ваду зліваць. Калі пара ад тае вады ўзнялася ўгару, то адразу, нібы навідавоку, паўстала перад імі дзіўная постаць, якая не стаяла, а вісела ў паветры. I такая яна была жудасная, што і нежывы спалохаўся б: вопратка парваная, цела скрываўленае, барада ўскудлачаная, вочы агнём гараць, на пальцах кіпцюры даўжынёй, можа, на паўметра і, што сама галоўнае, – увесь час рухаюцца, і ствараецца ўражанне, што вось-вось увапюцца ў твар.

Ззаду зашаптаў нецярпліва дзядулька:

Ты хто такі?

У адказ здань зарагатала-заскрыпела:

Хто я такі? А ты не здагадваешся? Я гаспадар гэтага палаца…

Гэта той пан, пра якога я вам па дарозе распавядаў, растлумачыў Пётра.

А хто вы такія і чаму тут апынуліся?

Мы падарожныя…

Падарожныя? А чаго ж вы сюды прыпляліся?

Дождж на вуліцы, вецер, а тут зацішна і не капае. Абагрэцца можна, бульбы зварыць.

Бульбы зварыць, перадражніла здань, але голас, здавалася, крыху памякчэў.

Варыце, ешце, але цяпер вы ў мяне ў палоне і шляху вам далей няма. Пачняце што-небудзь супраць мяне рабіцьувогуле жыцця пазбаўлю. Зразумелі?..

Зразумелі, ледзьве чутна адказалі падарожныя. Яны ўжо і не ведалі, што рабіць, бо нават есці перахацелася, нягледзячы на тое, што на працягу ўсяго дня і макавага зерня ў роце не было. 

Першым апамятаўся Пётра і запрапанаваў старому:

Сядай, дзядулька, у нагах праўды няма. Давай бульбу есці, бо пахалодае. Усё роўна нам цяпер доўга тут сядзець давядзецца, мы ж у палоне… 

Здань задаволена закірхала:

Гэта праўда…

Перакусілі, але спаць не клаліся, баяліся, каб здань ноччу галовы ім не паадразала. Неяк незаўважна пачалі яны з душой таго гаспадара гамонку весці, распытваць, і здань, надзіва, ахвотна стала расказваць, як усё здарылася.

Некалі, калі я быў малады і дурны, да мяне наведаўся прыгожы паніч. Сустрэў я яго гасцінна, пачаставаў і пакінуў у сябе пераначаваць. Ляжым мы з ім у пакоі, размаўляем, і тут паніч кажа:

Дзякуй табе, пане гаспадару, вялікі. Ты добра мяне сустрэў і я не застануся ў даўгу, абавязкова аддзячу. Скажы, ты грошы любіш?

А хто ж іх не любіць? — ускінуўся я.

Ды не тыя грошы, што ў кішэні бываюць, а зусім іншыя?

Якія гэта?

Скарбы незлічоныя, пане гаспадару. Іх гэтулькі па зямлі ляжыць, што калі ўсе сабраць, то і палаца твайго не хопіць.

Дык гэта ж не кожнаму дадзена…

Ты толькі скажы, ці згодны, астатняе няхай цябе не хвалюе.

Тады я згодны.

Вось і добра. Зараз давай спаць, а раніцай пра ўсё і дамовімся.

На самым досвітку паніч мяне раскатурхаў і падаў нейкую паперу:

Падпішы ўласнай крывёй. Як толькі зробіш гэта, атрымаеш магчымасць бачыць скарбы, схаваныя далёка і глыбока. 

Я падпісаў, і той паніч умомант знік, толькі смех ягоны разнёсся па палацы. Скарбы мне адкрываліся штодзень. Мае людзі знясілелі, змардаваліся ад таго, што кожны дзень вазілі цяжкія каштоўнасці. Назбіраліся вялізныя гурбы да самай столі ў пакоях даставалі. Ды прыйшла часіна мне паміраць. Зноў прыйшоў той самы паніч гэткі ж малады і прыгожы.

Пажыў-пацараваў ты, пане гаспадару, дай і іншым шчасця зведаць. А ты цяпер мне службу служыць будзеш. 

Так з тае часіны і лётае мая душа ды забірае ў палон падарожных, дзяцей, параненых, пабітых. Вось і з вамі мне пашанцавала. Прывяду вашыя душы да свайго гаспадара ён мне адпачынак дасць.

За ўсё трэба плаціць…

Задрамала здань, сцішылася, а падарожныя ляжалі і перашэптваліся пра тое, як вырвацца адсюль. Каму ж хочацца раней адведзенага тэрміну паміраць?

Трэба аднаму з нас прабрацца за Нёман, у вёску, прашаптаў дзядулька, і прывесці сюды бацюшку, каб ён усё тут акрапіў. Тады здань і прападзе. Толькі зрабіць трэба неадкладна і незаўважна.

Цэлую ноч дабіраўся Пётра да вёскі, дзе жыў бацюшка. Расказаў, што і як, і той пагадзіўся зрабіць добрую справу. Праз Нёман вёз яго Пётра на чоўне, які далі мясцовыя людзі. Надвячоркам дабраліся да разбітага палаца, і хлопец павёў бацюшку да таго пакоя, дзе быў стары падарожны. Толькі падышлі, як пачуўся магутны голас: 

Хто тут крочыць?! Адказвай!

Мы, спакойна прамовіў бацюшка і ўзмахнуў святым крыжам.

Адразу застагнала, завыла нешта, а потым ціха стала навокал.

Дзядулька ўзрадаваўся, убачыўшы іх:

Нарэшце! Думаў ужо, што не дачакаюся.

Прыйшлося ж пераплываць на бервяне. Каб мост быў, то хутчэй управіўся б, — адказаў Пётра.

Так, каб мост быў, то гэтых нячысцікаў і блізка не было б, запэўніў бацюшка. Але можна зрабіць і па-іншаму: на чаўнах людзей перавозіць туды-сюды. Я месца асвячу, а вы сабе хаціну збудуйце на Нёмане дый жывіце. Занятак добры, плаціць вам стануць. I сабе ў кішэню прыбытак будзе, і людзям карысць. 

А што, праўду бацюшка гаворыць. Давай так і зробім.

3 тае раніцы пачалі яны тэрмінова будаваць сабе хаціну на асвячоным месцы, каб да зімы было дзе ад маразоў хавацца. А вясной сталі перавозіць людзей, якім трэба было трапіць з берага на бераг.

Той груд з іхняй хацінай вяскоўцы сталі называць таксама Мостам, гэта значыцца, што там жылі людзі, якія на чаўнах вазілі сялян і купцоў, вояў і падарожных. Так Масты і сталіся, так і засталіся.