офисные услугиЦветы из воздушных шаров

Адкуль вёска Адзверна

Адкуль вёска Адзверна

223

Адзверны так называўся чалавек, які стаяў каля дзвярэй панскага палаца, паведамляў аб прыездзе гасцей, адкрываў перад імі дзверы. Мала гэтага, ён павінен быў сустракаць паноў ласкавай усмешкай, бойка адказваць на любое пытанне, паказваць, як лепей прайсці і дзе чакаюць таго ці іншага госця.

Некалі, надта даўно, жыў адзін памешчык па прозвішчы Пятрыніч. Высачэзнага росту чалавек быў, а сілы столькі меў — і ўявіць цяжка: тоўстую вяроўку, якой звычайна сена ў вазах ўвязвалі, рукамі разрываў на дзве палавіны.

Многія паны, запрошаныя ў палац і на чыіх вачах гэта рабілася, не верылі і пачыналі шукаць усялякія зачэпкі, што, маўляў, вяроўка падрэзаная была, кожны так зробіць. Пятрыніча гэта не здзіўляла: ён прапаноўваў ім самім паспрабаваць перарваць. Але колькі госці ні напіналісянічога не атрымлівалася. I тут ужо гаспадар адводзіў душу — насміхаўся з іх уволю. 

Вядомая справа, гэта не падабалася багатым памешчыкам, таму яны шукалі ўсялякія прычыны, каб болей не быць запрошанымі да Пятрыніча. Толькі ж і гаспадар быў не дурань. Ён такіх паноў вучыў па-свойму, бо як бы яны ні круціліся, але ўсё роўна надыходзіла часіна і ганарліўцы ехалі ў панскі палац.

Гаспадар садзіў іх за вялізны стол, застаўлены гарэлкай і ўсялякімі стравамі, і пачынаў:

Шаноўныя госцейкі! Ведаеце, за гэтым сталом ёсць такія, хто нават прызнаваць мяне не жадаюць, не тое каб там вітацца ці да сябе ў госці запрасіць… 

Госці ўжо ведалі, што зараз з некага пачнуць смяяцца, і пачыналі «дапамагаць»:

I хто ж гэта такі ў нас ганарысты завёўся?

Усё вам скажы! Самі здагадайцеся: кароткі, тоўстышто тая бочка, сапе толькі ды есць што ў бяздонны мех хавае! 

Уявіце, як такое было вытрымаць таму, на каго скіраваліся позіркі ўсіх за сталом. Таму ён сядзеў, сядзеў, а потым падхопліваўся і выбягаў з-за стала. А гаспадар не супакойваўся: 

Зміцер, дапамажы госцю на каня сесці! Дапамажы, родненькі!

Зміцер, так звалі адзвернага, быў вельмі падобны на свайго пана. Не, не багаццем, а магутнай сілай і сажнёвым ростам. Як чуў ён такія словы, то адчыняў перад уцекачом дзверы і, узяўшы госця за каўнер і трымаючы яго перад сабой, лупіў, колькі меў сілы, прама пад азадак. Шаноўны ляцеў, не разбіраючы дарогі, крокаў з трыццаць, а потым зарываўся ў што-небудзь носам. А ззаду голас сярдзіты раздаваўся: 

I чаго гэта ты тут, васпане, корпаешся? Справы табе іншае няма, ці што?!

Джгаў бедалага, не спыняючыся, фурман з экіпажам дагнаць не мог, бо ў страха ж вочы вялікія…

Але здаралася і іншае: госць, на якога абрыналася знявага Пятрыніча, не ўцякаў, а, пырскаючы слінай, заяўляў:

Прабачце, пане, але я выклікаю вас на двубой! Вы закранулі мой гонар!

А ён у цябе ёсць?пытаўся гаспадар. А ты мяне не пакрыўдзіў? Ты мой гонар не закрануў?!

Усё роўна, я выклікаю вас на двубой! Калі вы палахлівец, то адмаўляйцеся, хай замест вас бецца хто-небудзь са слуг!

Ды не, слугам маім і так працы хапае! А сёння яшчэ болей будзе, бо некаму ж трэба будзе за табой прыбраць, смярдзюх ты гладкаморды! 

На двубой! шалеў памешчык-госць. На шаблях!

Бяры сабе шаблю, мне яна непатрэбна. Я табе і так надаю кухталёў. Колькі жыць будзеш будзеш памятаць, як на гаспадара кідацца, а не прабачэння прасіць! Зміцер, давай вяроўку! 

Імгненна, нібы чакаючы такога моманту, у пакой улятаў здаравіла-слуга і працягваў гаспадару таўшчэзную вяроўку.

Цяпер зачыняй дзверы. Адчыніш, сам ведаеш, калі…

Зразумеў, пане, пасміхваўся Зміцер і выконваў загад.

Ну што, пачнём? пытаўся Пятрыніч.

Пачнём, грэбліва адказваў той і фарсіста памахваў шабляй перад носам Пятрыніча. 

Праз пару хвілін ён ужо быў не рады свайму рашэнню, бо гаспадар валодаў той дзіўнай зброяй канцом вяроўкі па-майстэрску. На кожны ўдар шабляй, які, праўда, толькі рассякаў паветра, адказваў трапным ударам вяроўкі — часцей за ўсё па азадку. Адразу было відаць, што ён не хацеў збіваць на горкі яблык праціўніка. Але калі надакучвала вучыць нахабніка, ён рэзкім ударам падсякаў чалавека з шабляй, і той гопаўся на падлогу. Гаспадар дадаваў яшчэ пару ўдараў па ляжачаму і гарлаў: 

Зміцер, дзверы!

Бедалагу-дуэлянта хапала здаравенная рука і, не даючы яму выпрастацца ва ўвесь рост, валакла на ганак, адкуль той, не раз ужо прамеранай дарогай, ляцеў — толькі вецер свістаў у вушах. А наўздагон яму неслася:

Пане, пане, вяроўку забыў!

Любіў пан Пятрыніч вечарам выйсці на ганак, прысесці побач са Зміцерам і проста сказаць:

Давай, зацягвай. Маю… любімую… і вечаровая цішыня далёка-далёка несла прыгожыя, магутныя галасы, якія зладжана і задушэўна выводзілі словы старадаўняй беларускай песні.

Калі паміраў пан Пятрыніч, то перад смерцю не забыўся пра Зміцера: узнагародзіў яго за верную службу кавалкам урадлівай зямлі. Пабудаваўся там былы адзверны і стаў жыць. 3 цягам часу побач з ім сталі і іншыя будавацца. Вёску тую так і назвалі Адзверна.