Михась Явор

Явар Міхась (сапраўднае прозвішча Карась Міхаіл Андрэевіч, (08.11.1903 – 27.06.1933), беларускі паэт, удзельнік літаратурнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі.

Явар

Нарадзіўся ў в.Мінявічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці ў беднай сялянскай сям’і. Бацька Андрэй і маці Алена Карась гадавалі чацвёра дзяцей. Дзяцінства будучага паэта прайшло ў роднай вёсцы. У час Першай Сусветнай вайны, з 1914 па 1921 гады з сям’ёй быў у бежанстве. Па вяртанні з бежанства, Міхась працаваў адыходнікам, рыбаком на Нёмане, прадаваў рыбу гандлярам у мястэчку Лунна. Меў толькі 3-ы класы адукацыі. Пісаў вершы, арганізоўваў вечары з пастаноўкамі п’ес, песнямі і танцамі, сам спяваў. З’яўляўся членам камсамола Заходняй Беларусі, за рэвалюцыйную дзейнасць арыштоўваўся паліцыяй. У 1920-я гады быў сябрам БСРГ. Здароўе Міхась Явар меў слабое і доўга хварэў на сухоты. Бацька распрадаў хатні набытак на дактароў, але здароўе сына не палепшылася. У хвіліну адчаю паэт скончыў жыццё самагубствам, застрэліўся на беразе Нёмана.

Друкавацца М.Явар пачаў у 1932 годзе на старонках часопіса “Шлях моладзі” (верш “Ружы і салавей”). Свае вершы змяшчаў таксама на старонках заходнебеларускіх выданняў “Беларуская газета”, “Летапіс ТБШ”, некаторыя вершы распаўсюджваліся вусна і ў рукапісах. У творчых пошуках арыентаваўся на традыцыі Я.Купалы і М.Багдановіча, Я.Коласа, узоры беларускай вуснапаэтычнай творчасці. Сябраваў з заходнебеларускім паэтам-рэвалюцыянерам Міхасём Васільком. Пад уплывам адной з сустрэч у лютым 1932 напісаў  прысвечаны яму верш “Нёману”.

Паэтычная спадчына М.Явара амаль не захавалася, перад смерцю куфэрак з вершамі, паэмамі і лістамі паэт занёс свайму сябру Вінцуку Мікулу. У час Вялікай Айчыннай вайны Вінцука шукалі немцы, і яго жонка, баючыся, знішчыла гэты архіў – засталося толькі тое, што было апублікавана ў заходнебеларускім друку (напрыклад, паэмы “Шляхам цярністым”, “Думы ў адзіноце”, “За сэрцам”). Некалькі твораў надрукавана ў кнізе “Сцягі і паходні”(г.Мінск, 1965). Верш М.Явара “Паклон чалавечаму страданню” уключаны вядомым літаратуразнаўцам У.Калеснікам у анталогію “Ростані волі”.

З 1991 года адна з вуліц вёскі Лунна Мастоўскага раёна года носіць імя Міхася Явара, а на мясцовых могілках знаходзіцца магіла паэта.

1

На магіле ўстаноўлены помнік з граніту, які вырабіў і ўсталяваў мастоўскі майстар Вячаслаў Халько. У 1968 годзе ў Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі быў створаны куток, які знаёміць наведвальнікаў з трагічным лёсам паэта-земляка.

Спіс літаратуры:

  1. Варвашэвіч, М.А. Явар Міхась / М.А. Варвашэвіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўнік. У 6 т. Т. 6 Талалай – Яфімаў / Дадатак Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі Беларус. Энцыкл. ; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны ; пад рэд. А.В. Мальдзіса; рэдкал.: І.Э. Багдановіч і інш. – Мінск : БелЭн, 1995. – С. 464 – 465.
  2. Крывашэй, Д. Літаратурныя мясціны Беларусі : Мастоўскі раён : краязнаўчы даведнік / Дзмітрый Крывашэй, Адам Мальдзіс // Маладосць.- 2008. – № 8. – С. 124 – 125.
  3. Пяткевіч, А.М. Явар Міхась / А.М. Пяткевіч // Беларуская энцыклапедыя : У 18 т. Т. 18. Кн. 1 : Дадатак : Шчытнікі – ЯЯ / рэдкал. : Г.П. Пашкоў і інш. – Мінск. : БелЭн, 2004. – С. 227.
  4. Пяткевіч, А.М. Явар Міхась / Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч // Пяткевіч, А.М. Людзі культуры з Гродзеншчыны / Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч. – Мінск, 1996.-С. 342.
  5. Пяткевіч, А.М. Явар Міхась / Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч // Пяткевіч, А.М. Літаратурная Гродзеншчына : даведнік / Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч. – Гродна : ГрДУ, 2000. – С. 31.
  6. Пяткевіч, А.М. Явар Міхась / А.М. Пяткевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Т. 5. Скамарохі – Яшчур / рэдкал. : І.П. Шамякін і інш. – Мінск : БелСЭ, 1987. – С. 675.
  7. Сабасцян, А. Наш зямляк Мiхась Явар / А. Сабасцян // Зара над Нёманам (Мастоўс.р-н). – 1998. – 9 верас. – С. 3.
  8. Сабасцян, А. Юбiлей паэта-земляка / А. Сабасцян // Зара над Нёманам (Мастоўс. р-н). – 1998. – 29 лiп.- С. 4.
  9. Чыгрын, С. Жыў паэт з сумнаю душой / С. Чыгрын // Гродзен. праўда. – 2003. – 29 лiп. – C. 4.
  10. Чыгрын, С. Паэт з сумнай душою / С. Чыгрын // ЛiМ. – 2003. – 1 жніўня.- C. 15.
  11. Явар Міхась // Памяць : гіст. – дакум. хроніка Мастоўскага раёна. – Мінск, 2002. – С. 458.
  12. Явар, М. Паклон чалавечаму страданню: верш / Міхась Явар // Ростані волі : з заходнебеларускай паэзіі / уклад. У.А. Калеснік – Мінск, 1990. – С.340 – 342.

 

База