Паважаныя чытачы! У рамках сумеснага праекта Мастоўскай раённай бібліятэкі і раённай газеты “Зара над Нёманам” пад назвай “Чытайце лепшае! Чытайце беларускае!” працягваем знаёміць вас з сацыяльна значнымі выданнямі, якія паступілі ў фонд галоўнай кніжніцы раёна.

Беларусь часта называюць краінай замкаў, дзе асабліва ярка ажываюць фантазіі аб мінулых стагоддзях. Кніга “Беларусь. Замкі і людзі” расказвае аб яркіх архітэктурных славутасцях нашай краіны – замках, палацах і храмах Xlll-XlX стагоддзяў, аб гісторыі ўзнікнення гэтых пабудоў і іх уладальніках. Выданне, складальнікам якога з’яўляецца А.М. Коршак, выйшла ў 2025 годзе ў выдавецтве “Беларусь”, змяшчае цікавую інфармацыю аб 16 беларускіх архітэктурных жамчужынах, вядомых і не вельмі. Сярод іх Нясвіжскі замак, Мірскі замак, Лідскі замак, Новы і Стары замкі ў Гродна, Навагрудскі замак, Гомельскі палац Румянцавых і Паскевічаў, Косаўскі палац, Камянецкая вежа, палац Булгакаў у Жылічах, палац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе, Мураванкаўская царква-крэпасць і інш. Кніга багата ілюстравана і разлічана на шырокае кола чытачоў.

Навукова-папулярнае выданне “Замкі Беларусі. Таямніцы мінулых стагоддзяў” выйшла ў выдавецтве “Беларусь” у 2025 годзе, прапануе пазнаёміцца з цікавымі звесткамі пра гісторыю ўзнікнення 12 абарончых збудаванняў, асаблівасцямі знешняга выгляду і легендамі. Гэта Гальшанскі, Любчанскі, Быхаўскі, Смальянскі замкі, Шчучынскі палац Друцкіх-Любецкіх і інш. У кнізе, складальнікам якога з’яўляецца таксама А.М. Коршак, змяшчаюцца звесткі пра тое, як можна дабрацца да архітэктурных аб’ектаў па чыгунцы, на аўтобусе ці аўтамабілі, і што можна ўбачыць па дарозе падчас іх наведвання. Выданне, якое выйшла на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах, адрасавана шырокаму колу чытачоў.
Паважаныя чытачы! Запрашаем вас наведаць Мастоўскую раённую бібліятэку і пазнаёміцца з прапанаванымі выданнямі.



























16 октября, 2026
Moderator
Опубликовано в рубрике 


























