Цветы из воздушных шаровофисные услуги

У свеце дабрыні

11 кастрычніка 1913 года ў горадзе Мінску нарадзілася беларуская паэтэса Эдзі Агняцвет. Яе нездарма называюць беларускай Агніяй Барто. Усё жыццё паэтэса пісала для дзяцей і пра дзяцей.

Сапраўднае імя – Эдзі Сямёнаўна Каган. Маці будучай знакамітасці працавала ў бібліятэцы імя Пушкіна (г.Мінск) і менавіта яна прывіла сваёй дачцэ любоў да літаратуры.

Першыя творы Эдзі Агняцвет былі надрукаваны ў 1929 годзе ў газеце “Чырвоная змена”. У 1935 годзе выйшаў яе першы дарослы зборнік “Маё пакаленне”. А першая дзіцячая кніга “Міхасёк” з’явілася ў 1944 годзе. Галоўнымі тэмамі яе паэзіі сталі барацьба за мір, абарона дзяцінства, інтэрнацыянальнае сяброўства і адзінства савецкіх людзей.

Вершы Агняцвет былі перакладзены на рускую, узбекскую, латышскую мовы. Сама паэтэса перакладала вершы Маякоўскага, Пушкіна, Някрасава, Ахматавай і Барто на беларускую мову. «Маленькі прынц» Антуана дэ Сэнт-Экзюперы таксама ёсць у перакладзе.

З нагоды 110-годдзя з дня нараджэння Эдзі Агняцвет Рагозніцкая сельская бібліятэка арганізавала гучнае чытанне вершаў “У свеце дабрыні”.

Дзеці з вялікім задавальненнем чыталі вершы “Зямля з блакітнымі вачамі”, “Маме”, “Буду настаўнікам” і другія. Вельмі спадабаліся і забавілі ўдзельнікаў гучнага чытання гумарыстычныя творы паэтэсы: “Бедны Саўка”, “Баксёр”, “Як Людміла ў госці хадзіла”.

Вершы Эдзі Агняцвет вельмі музычныя, гэта хутка ацанілі беларускія і рускія кампазітары. На мерапрыемстве дзеці праслухалі оперу “Марынка”, нават падпявалі і прытанцоўвалі!

На старонках твораў Агняцвет на самой справе жыве дабрыня і цеплыня, пераканайцеся ў гэтым самі – прачытайце яе вершы.

Комментирование и размещение ссылок запрещено.

Комментарии закрыты.