Легенда пра Масты
Легенда пра Масты
На невялічкім хутары жылі стары са старой з двумя сынамі і яшчэ маладая сям’я. Бацька з маці спраўна вялі гаспадарку, усяго ў іх ставала. Дружна жылі тыя сем’і, маладыя амаль штовечара прыходзілі за парадай ці за слушным словам, а то і проста пагаманіць, душу адвесці.
Аднаго разу ў маладога гаспадара знянацку захварэлі каровы – на ногі не ўставалі. Куды ж пабяжыш? Толькі да старога, спрактыкаванага ў гэткіх справах чалавека.
Той распытаў пра ўсё, адразу зразумеў, што гэта ведзьма-малочніца зрабіла, і даў параду, як ад яе пазбавіцца:
– Справа ў тым, што самае месца для ўсялякіх нячысцікаў – глухамань і балаціны, гэта значыцца менавіта нашыя мясціны. У дагледжаныя яны не лезуць, таму трэба праз балаціны ды рвы канавы капаць, масты масціць.
Так яны і зрабілі: невялічкія рачулкі ды ручаінкі вакол хутара мастамі злучылі і праз колькі часу ўжо і думаць забыліся пра нячысцікаў.
Справа была восенню. Сядзеў неяк той самы дзед з сынамі ў хаціне і ўсялякія былічкі распавядаў. Тут гаспадыня зайшла ў хату дый гаворыць:
– Мужчынкі, хоць і цёмна ўжо, ці не збегае хто да Хведзькі па даёнку? З раніцы аддала, паабяцалі прынесці, ды, відаць, забыліся. А пакідаць на ноч такую рэч нельга. Некалі маці-нябожчыца казала, што, каб у хаце дастатак быў, на ноч нічога чужым людзям даваць нельга.
“Мужчынкі” – гэта было сказана ўвогуле, а ісці трэба было маладзейшаму, Пётру, – такая ў сям’і завядзёнка была, і той гэта добра разумёў. Таму, калі бацька звярнуўся да яго, ён адразу пагадзіўся.
Сабраўся Пётра і пайшоў. А старэйшаму надакучыла ў хаціне сядзець, і вырашыў ён пажартаваць над братам. Хуценька выскачыў за дзверы і, смеючыся, бо ўяўляў, як усё атрымаецца, паджгаў.
Пётра ж нічога не прадчуваў. Імжыў дождж, і ён ішоў, апусціўшы галаву і ўглядаючыся пад ногі, каб не напароцца ненарокам на які корч ды не гопнуцца ў яміну з вадой.
А старэйшы забег наперад і стаіўся пад кусцікам – чакае. Пасядзеў крыху – не, не сядзіцца. Вырашыў, што трэба неяк жудасны выгляд набыць. Адбег убок, накінуў на сябе парваны мяшок, у рот ухапіў вугольчык, які яшчэ тлеў, прысеў – і тут якраз малодшы сунецца. Выскачыў старэйшы на сярэдзіну дарогі і як зафыркае агнём, як закрычыць-затрасецца. Не тое што чалавек – сам нячысцік на месцы ўпаў бы. Толькі з Пётрам такога не здарылася. Ён з перапуду не ўцякаць пабег, а кінуўся на таго, хто яго палохаў, і пачаў пярэсціць ды прымаўляць:
– Нічога, што мне страшна! Але і табе кухталёў надаю, да скону свайго мяне запамятаеш!
Той, пад падраным мехам, спачатку трываў, не адклікаўся, а потым загаласіў:
– Ой, чалавечку, не чапай мяне! Я ж не нячысцік, я ж звычайны чалавек! Хачу толькі цябе напалохаць. Не бі мяне болей!
Але Пётра яшчэ мацней пачаў лупцаваць страшыдла, якое ўжо ляжала ў агромністай лужыне і ледзьве хліпала. А калі трохі праяснілася ў галаве ў хлопца, то кінуў ён усё і давай уцякаць! Бег спачатку дамоў, але потым нешта здарылася з гаротнікам – ці то розумам крануўся, ці то адчуў сапраўдны страх – толькі пастаяў крыху ля плота, роднай хаты і пайшоў… у адваротны бок.
Раніца заспела Пётру ў незнаёмай мясціне. Потым ён прыгадаў, што некалі быў тут з бацькам – масток невялікі будавалі. Пайшоў у тым накірунку, дзе павінна была быць рэчка, і сапраўды знайшоў яе. Узрадаваўся хлопец, нібы роднага чалавека напаткаў, сеў на мастку і заплакаў.
Тым часам і сонейка ўзышло. Не грэла, праўда, але весялей стала Пётру. Устаў і хацеў ужо далей ісці, ажно бачыць — насустрач крочыць стары. Параўняўся з ім, павітаўся і пытаецца:
– Што гэта ты, хлапчына, заплаканы? Гора якое здарылася ці яшчэ што накінулася?
– Не ведаю сказаць як…
– Ты распавядай, я зразумею.
– Пайшоў я ўчора да суседа. Маці паслала. Але па дарозе нячыстая сіла на мяне напала, не ведаю, як уратаваўся — ці то цуд дапамог ці яшчэ што… А калі да бацькоўскае хаты вярнуўся, то нешта нібы адштурхнула мяне і сказала: «Не ідзі туды, не вяртайся!» Так і пайшоў я ў свет. Ноччу чамусьці не так страшна было, як зараз. Мабыць, таму, што засумаваў па родных… Вось сядзеў і вырашаў, што далей рабіць. Да іх цягне…
– Зразумелая справа, хлопча, што цягне, — азваўся стары. — Куды б чалавек ні кіраваў, дзе б ні жыў, ніколі пра родныя мясціны не забывае, асабліва ў цяжкія моманты іх згадвае.
– Але што гэта за сіла супыніла мяне ля хаціны і сюды накіравала?
– А можа гэта і не сіла, хлопча, а што іншае?.. У вас там пра ведзьмаў ды нячысцікаў нічога не было чуваць?
– Зараз не, але тата распавядаў, што раней нячысцікаў усялякіх было столькі, што вечарамі і начамі ад хаты не адыходзіліся. Гадоў колькі таму ведзьма малако ў Хведзькавых кароў псавала, дык тата сказаў, каб мы масткі будавалі праз ручаіны ды рэчкі. Калі мастком вадаём перакінуць, то нячысцкі падохнуць ці паўцякаюць. Толькі выпадкова могуць трапіць да людскога жылля. I гэты масток мы таксама зрабілі…
– То можа і той нячысцік, які цябе палохаў, таксама выпадкова заблукаў да вашага падворка?
– Не ведаю, але нешта мяне туды не пускае.
– Можа, гэта Божая Маці, якая над намі ўсімі ўладарыць, бачыць з неба, што да чаго, і, не жадаючы тваёй смерці, перасцерагае… Так складаная справа… Пайшлі разам. Не гэтак сумна будзе ісці, а калі ноч прыспее – не гэтак страшна начаваць. Разам што–небудзь і прыдумаем. Пайшлі.
Ішлі павольна, размаўлялі. Падарожны быў заклапочаны адным: як бы ўсё правільна зразумець ды раскласці, каб хлопца ў крыўду не даць. Вырашылі, што далёка ад Пётравай хаціны адыходзіць не будуць…
Тым часам і надвячорак настаў, бо які ж восенню дзень. Дзядулька пачаў па баках акідвацца, глядзець, дзе б на ноч прыпыніцца. Тады Пётра ўспоўніў:
– Тут недалёка павінен быць стары панскі палац. Але ў ім падарожныя ніколі не спыняюцца…
– Чаму?
– Баяцца, дзядулька. Такія жахі пра яго распавядаюць, што валасы дыбарам устаюць.
– Што ж там такое водзіцца?
– Ды не водзіцца… Казалі людзі, што той пан, які тут некалі жыў, знаўся з нячыстай сілай, запрадаў ёй сваю душу і таму спакойна здабываў незлічоныя скарбы, закапаныя на любой глыбіні і паўсюдна схаваныя… Багацця ў яго было мноства, але аднаго разу прыйшла да яго смерць. Гаспадар спрабаваў адкупіцца, прапаноўваў процьму золата, але смерць была няўмольная і забрала яго, а золата ў адзін момант ператварылася ў гнілое лісце. Дык вось кажуць, што душа таго памешчыка тут жыве, разам з іншымі нячысцікамі.
– Так. Справы… Але не начаваць жа нам пад адкрытым небам. Трэба ж нам і вогнішча раскласці, і абсушыцца…
– Яно так, але я баюся.
– Дык мы ж удваіх, пайшлі. Калі што – на сабе ўсё праверым…
Залезлі яны ў самую сярэдзіну палаца, выбралі пакой з вокнамі, з дзвярыма, расклалі вогнішча пасярэдзіне, і адразу стала ўтульна.
Сядзелі яны ды ціхенька размаўлялі, каб незнарок нячысцікаў не выклікаць. Тым часам у гаршчочку, які яны паставілі на краі вогнішча, забулькала вада. Туды паклалі бульбы і чакалі, пакуль яна зварыцца.
Раптам нехта зароў такім жудасным голасам, што ажно тынкоўка са сцен пасыпалася:
– Можна?!
Падарожныя зніякавелі, раты адкрыць баяліся, а тое невядомае стварэнне яшчэ грамчэй закрычала:
– Можна зайсці?!
Хлопец, нібыта і не збаяўся, адказаў:
– Пачакай, толькі бульбу адцэдзім.
Выхапіў гаршчок з агню і давай ваду зліваць. Калі пара ад тае вады ўзнялася ўгару, то адразу, нібы навідавоку, паўстала перад імі дзіўная постаць, якая не стаяла, а вісела ў паветры. I такая яна была жудасная, што і нежывы спалохаўся б: вопратка парваная, цела скрываўленае, барада ўскудлачаная, вочы агнём гараць, на пальцах кіпцюры даўжынёй, можа, на паўметра і, што сама галоўнае, – увесь час рухаюцца, і ствараецца ўражанне, што вось-вось увап’юцца ў твар.
Ззаду зашаптаў нецярпліва дзядулька:
– Ты хто такі?
У адказ здань зарагатала-заскрыпела:
– Хто я такі? А ты не здагадваешся? Я гаспадар гэтага палаца…
– Гэта той пан, пра якога я вам па дарозе распавядаў, – растлумачыў Пётра.
– А хто вы такія і чаму тут апынуліся?
– Мы падарожныя…
– Падарожныя? А чаго ж вы сюды прыпляліся?
– Дождж на вуліцы, вецер, а тут зацішна і не капае. Абагрэцца можна, бульбы зварыць.
– Бульбы зварыць, – перадражніла здань, але голас, здавалася, крыху памякчэў.
– Варыце, ешце, але цяпер вы ў мяне ў палоне і шляху вам далей няма. Пачняце што-небудзь супраць мяне рабіць – увогуле жыцця пазбаўлю. Зразумелі?..
– Зразумелі, – ледзьве чутна адказалі падарожныя. Яны ўжо і не ведалі, што рабіць, бо нават есці перахацелася, нягледзячы на тое, што на працягу ўсяго дня і макавага зерня ў роце не было.
Першым апамятаўся Пётра і запрапанаваў старому:
– Сядай, дзядулька, у нагах праўды няма. Давай бульбу есці, бо пахалодае. Усё роўна нам цяпер доўга тут сядзець давядзецца, мы ж у палоне…
Здань задаволена закірхала:
– Гэта праўда…
Перакусілі, але спаць не клаліся, баяліся, каб здань ноччу галовы ім не паадразала. Неяк незаўважна пачалі яны з душой таго гаспадара гамонку весці, распытваць, і здань, надзіва, ахвотна стала расказваць, як усё здарылася.
– Некалі, калі я быў малады і дурны, да мяне наведаўся прыгожы паніч. Сустрэў я яго гасцінна, пачаставаў і пакінуў у сябе пераначаваць. Ляжым мы з ім у пакоі, размаўляем, і тут паніч кажа:
– Дзякуй табе, пане гаспадару, вялікі. Ты добра мяне сустрэў і я не застануся ў даўгу, абавязкова аддзячу. Скажы, ты грошы любіш?
– А хто ж іх не любіць? — ускінуўся я.
– Ды не тыя грошы, што ў кішэні бываюць, а зусім іншыя?
– Якія гэта?
– Скарбы незлічоныя, пане гаспадару. Іх гэтулькі па зямлі ляжыць, што калі ўсе сабраць, то і палаца твайго не хопіць.
– Дык гэта ж не кожнаму дадзена…
– Ты толькі скажы, ці згодны, астатняе няхай цябе не хвалюе.
– Тады я згодны.
– Вось і добра. Зараз давай спаць, а раніцай пра ўсё і дамовімся.
На самым досвітку паніч мяне раскатурхаў і падаў нейкую паперу:
– Падпішы ўласнай крывёй. Як толькі зробіш гэта, атрымаеш магчымасць бачыць скарбы, схаваныя далёка і глыбока.
Я падпісаў, і той паніч умомант знік, толькі смех ягоны разнёсся па палацы. Скарбы мне адкрываліся штодзень. Мае людзі знясілелі, змардаваліся ад таго, што кожны дзень вазілі цяжкія каштоўнасці. Назбіраліся вялізныя гурбы – да самай столі ў пакоях даставалі. Ды прыйшла часіна мне паміраць. Зноў прыйшоў той самы паніч – гэткі ж малады і прыгожы.
– Пажыў-пацараваў ты, пане гаспадару, дай і іншым шчасця зведаць. А ты цяпер мне службу служыць будзеш.
Так з тае часіны і лётае мая душа ды забірае ў палон падарожных, дзяцей, параненых, пабітых. Вось і з вамі мне пашанцавала. Прывяду вашыя душы да свайго гаспадара – ён мне адпачынак дасць.
– За ўсё трэба плаціць…
Задрамала здань, сцішылася, а падарожныя ляжалі і перашэптваліся пра тое, як вырвацца адсюль. Каму ж хочацца раней адведзенага тэрміну паміраць?
– Трэба аднаму з нас прабрацца за Нёман, у вёску,– прашаптаў дзядулька, – і прывесці сюды бацюшку, каб ён усё тут акрапіў. Тады здань і прападзе. Толькі зрабіць трэба неадкладна і незаўважна.
Цэлую ноч дабіраўся Пётра да вёскі, дзе жыў бацюшка. Расказаў, што і як, і той пагадзіўся зрабіць добрую справу. Праз Нёман вёз яго Пётра на чоўне, які далі мясцовыя людзі. Надвячоркам дабраліся да разбітага палаца, і хлопец павёў бацюшку да таго пакоя, дзе быў стары падарожны. Толькі падышлі, як пачуўся магутны голас:
– Хто тут крочыць?! Адказвай!
– Мы, – спакойна прамовіў бацюшка і ўзмахнуў святым крыжам.
Адразу застагнала, завыла нешта, а потым ціха стала навокал.
Дзядулька ўзрадаваўся, убачыўшы іх:
– Нарэшце! Думаў ужо, што не дачакаюся.
– Прыйшлося ж пераплываць на бервяне. Каб мост быў, то хутчэй управіўся б, — адказаў Пётра.
– Так, каб мост быў, то гэтых нячысцікаў і блізка не было б, – запэўніў бацюшка. – Але можна зрабіць і па-іншаму: на чаўнах людзей перавозіць туды-сюды. Я месца асвячу, а вы сабе хаціну збудуйце на Нёмане дый жывіце. Занятак добры, плаціць вам стануць. I сабе ў кішэню прыбытак будзе, і людзям карысць.
– А што, праўду бацюшка гаворыць. Давай так і зробім.
3 тае раніцы пачалі яны тэрмінова будаваць сабе хаціну на асвячоным месцы, каб да зімы было дзе ад маразоў хавацца. А вясной сталі перавозіць людзей, якім трэба было трапіць з берага на бераг.
Той груд з іхняй хацінай вяскоўцы сталі называць таксама Мостам, гэта значыцца, што там жылі людзі, якія на чаўнах вазілі сялян і купцоў, вояў і падарожных. Так Масты і сталіся, так і засталіся.