Гэты чалавек прысвяціў сваё жыццё служэнню роднай мове, вывучэнню беларускай літаратуры і адкрыццю невядомых яе старонак.
Тысячы выпускнікоў Магілёўскага педагагічнага інстытута, а потым універсітэта імя А.Куляшова панеслі сваім вучням веды, успамінаючы запамінальныя лекцыі цудоўнага педагога, кандыдата філалагічных навук, дацэнта, легендарнага дэкана філалагічнага факультэта Яраслава Іванавіча Клімуця. А ягоныя глыбокія даследванні творчасці беларускіх пісьменнікаў надалі яму высокі аўтарытэт сярод навукоўцаў і літаратараў нашай краіны.
Брылёўская бібліятэка ў гэты дзень гасцінна сустрэла Яраслава Іванавіча, які пазнаёміўся з кніжных фондам, звярнуў асаблівую ўвагу на калекцыю кніг з аўтографамі і наведаў музейна этнаграфічны пакой Брылёўскага сельскага Дома культуры. А потым усе прысутныя з вялікай цікавасцю слухалі аповед юбіляра пра пасляваеннае школьнае дзяцінства ў вёсцы Вострава на Гродзеншчыне, пра першыя юнацкія паэтычныя крокі, пра вялікі шлях у літаратуру і пра сяброўства з вядомымі беларускімі пісьменнікамі. І пуцяводнай зоркай было ў жыцці адно — родная беларуская мова, якая павінна жыць і квітнець, негледзячы ні на што.
Яраслаў Іванавіч чытаў свае вершаваныя радкі, а таксама вершы і эпіграмы сваіх любімых паэтаў, адказваў на пытанні прысутных, а потым прадставіў падрыхтаваную кніжную выставу, якую ўпрыгожылі яго творы з аўтографамі чытачам Брылёўскай бібліятэкі. Таксама кожны з прысутных атрымаў асабісты аўтограф ад юбіляра і магчымасць сфатаграфавацца з ім на ўспамін.